Пошук

Пантыфік: будзем пільнымі, Бог прыходзіць у штодзённых сітуацыях

Бог прысутнічае ў самых звычайных сітуацыях нашага жыцця, таму трэба быць пільнымі, каб распазнаць і прыняць Яго, - нагадаў Пантыфік перад малітвай Анёл Панскі, 27 лістапада 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“У Евангеллі сённяшняй літургіі мы чуем цудоўнае абяцанне, якое ўводзіць нас у перыяд Адвэнту: “Пан ваш прыйдзе” (Мц 24,42). Гэта падмурак нашай надзеі, гэта тое, што падтрымлівае нас нават у самыя цяжкія і балючыя моманты нашага жыцця: Бог прыходзіць. Давайце ніколі не забываць пра гэта! Пан заўсёды прыходзіць, наведвае нас, набліжаецца і вернецца напрыканцы часоў, каб прыняць нас у свае абдымкі. Перад абліччам гэтых слоў мы пытаемся ў сябе: як прыходзіць Пан? І як Яго распазнаць і прыняць? Спынімся коратка на гэтых двух пытаннях”, - прапанаваў Святы Айцец.

Першае пытанне: як прыходзіць Пан? “Шмат разоў мы чулі, што Пан прысутнічае на нашым шляху, што Ён суправаджае нас і прамаўляе да нас. Але, магчыма, гэтая ісціна застаецца для нас толькі тэарэтычнай; або мы ўяўляем, што Пан прыходзіць надзвычайным чынам, магчыма, праз нейкі цудоўны знак. Наадварот, Езус кажа, што адбудзецца “як у дні Ноя”. А чым займаліся ў дні Ноя? Звычайнымі і паўсядзённымі жыццёвымі справамі: “елі і пілі, жаніліся і выходзілі замуж”, - нагадаў Пантыфік.

“Прымем гэта да ўвагі: Бог схаваны ў нашым жыцці, у самых звычайных і будзённых сітуацыях нашага жыцця. Не прыходзіць у надзвычайных падзеях, а ў паўсядзённасці... Менавіта ў нашай штодзённай працы, у выпадковых сустрэчах, перад абліччам чалавека ў патрэбе, нават калі сутыкаемся з днямі, якія здаюцца шэрымі і аднастайнымі, там прысутнічае Пан, які кліча нас, прамаўляе да нас і натхняе нашыя дзеянні”, - запэўніў Папа.

Аднак ёсць другое пытанне: як распазнаць і прыняць Пана? “Мы павінны быць чулымі, уважлівымі, пільнымі. Езус папярэджвае нас: ёсць небяспека не заўважыць Яго прыйсця і быць непадрыхтаванымі да Яго візіту”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы словы святога Аўгустына: “Я баюся Пана, які праходзіць міма”. “Гэта значыць, я баюся, што Ён пройдзе, а я не пазнаю Яго! Фактычна, пра людзей часоў Ноя Езус кажа, што яны елі і пілі “і не ведалі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх”, - падкрэсліў Святы Айцец.

“Звернем увагу: яны нічога не заўважылі! Яны былі занятыя сваімі справамі і не заўважылі, што надыходзіць патоп. На самай справе Езус кажа, што калі Ён прыйдзе, “двое будуць у полі: адзін будзе ўзяты, а другі пакінуты”. Што Ён мае на ўвазе? У чым розніца? Проста адзін быў пільным, чакаў, здольны заўважаць прысутнасць Бога ў штодзённым жыцці; а другі, наадварот, быў няўважлівым, “жыў памаленьку” і нічога не заўважыў”, - сказаў Пантыфік.

“Браты і сёстры, давайце ў гэты перыяд Адвэнту дазволім вызваліць сябе ад здранцвення і абудзіцца ад сну! Паспрабуем спытаць сябе: ці ўсведамляю я тое, што перажываю, ці ўважлівы я, ці чуваю? Ці спрабую я распазнаць прысутнасць Бога ў паўсядзённых сітуацыях, або я няўважлівы і крыху прыгнечаны справамі? Калі мы не заўважым Яго прыйсця сёння, мы таксама будзем непадрыхтаванымі, калі Ён прыйдзе напрыканцы часоў. Таму, браты і сёстры, будзем заставацца пільнымі! (...) Няхай на гэтым шляху нам дапаможа Найсвяцейшая Панна, Жанчына чакання, якая здолела заўважыць прыйсце Бога ў сціплым і схаваным жыцці Назарэта і прыняла Яго ў сваім улонні”, - завяршыў разважанне Францішак.
 

27 лістапада 2022, 12:21

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >