Пошук

Аўдыенцыя для рэктараў і выкладчыкаў семінарый Лацінскай Амерыкі Аўдыенцыя для рэктараў і выкладчыкаў семінарый Лацінскай Амерыкі 

Пантыфік семінарыйным выхавацелям: вучыць прыкладам жыцця

Сапраўднай матывацыяй паклікання павінна быць жаданне наследаваць Хрыста і будаваць Божае Валадарства, а семінарыйныя выкладчыкі пакліканы вучыць уласным жыццём, больш чым словамі, - заўважыў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

10 лістапада 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане рэктараў і выкладчыкам семінарый Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна, якія прымаюць удзел у курсах, арганізаваных Дыкастэрыяй па справах духавенства. Святы Айцец адзначыў, што фармацыя святароў, а асабліва будучых святароў, мае вялікае значэнне для евангелізацыі: яна павінна быць якаснай, перманентнай і цэласнай, закранаць чалавечае, інтэлектуальнае, духоўнае і душпастырскае вымярэнне.

На думку Папы, для семінарыйнай фармацыі важнае значэнне мае супольнасць. Для гэтага неабходна адкрытасць на стварэнне ці ўмацаванне міждыяцэзіяльных, правінцыйных або рэгіянальных семінарый. “Неабходна адмовіцца ад інерцыі і пратаганізму і пачаць марыць разам, не аплакваючы мінулае, не ў адзіноце, але аб’яднаныя і адкрытыя на тое, чаго Пан сёння жадае ад фармацыі наступных пакаленняў святароў”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што семінарыі не павінны рыхтаваць “суперменаў”, якія прэтэндуюць на веданне ўсяго, на кантроль над усім і на быццё самадастатковымі. “Наадварот – місія семінарыі заключаецца ў фармацыі людзей, якія з пакорай наследуюць працэс, выбраны Божым Сынам – уцелаўленне”, - сцвердзіў ён.

Святы Айцец падкрэсліў важную ролю семінарыйных выхавацелей, пакліканых вучыць сваім жыццём, больш чым словамі. Гэта патрабуе чалавечай і духоўнай сталасці, адным з паказчыкаў якой з’яўляецца “развіццё і ўмацаванне здольнасці слухаць і мастацтва дыялогу, якія натуральным чынам звязаны з малітоўным жыццём, у якім святар кожны дзень уступае ў дыялог з Панам, нават у моманты духоўнай сухасці і разгубленасці”.

Францішак адзначыў, што для павышэння эфектыўнасці служэння выхавацеля важным з’яўляецца яго пастаяннае чалавечае і духоўнае ўзрастанне, як вучня-місіянера Хрыста і як святара. “Фактычна, яго ўласнае жыццё сведчыць аб тым, што яго словы і жэсты спрабуюць перадаць у дыялогу і ўзаемадзеянні з суразмоўцамі ў фармацыі”, - дадаў ён.

Пантыфік звярнуўся таксама да рэктараў семінарый, заўважаючы, што яны павінны “пастаянна клапаціцца пра кожнага выхаванца, падтрымліваючы адкрыты і шчыры дыялог адносна яго жыцця і служэння, не забываючы пра тыя больш асабістыя аспекты, ад якіх залежыць пераадоленне праблем, што могуць узнікнуць у групе падчас навучання”. “Майце на ўвазе, што выхаванцы з’яўляюцца найбліжэйшымі братамі рэктара семінарыі, да якіх павінна быць прывілеяваным чынам скіравана ажыццяўленне душпастырскай любові”, - сказаў Папа.
 

10 лістапада 2022, 14:55