Пошук

1667463175944.jpg

Францішак вылецеў у Бахрэйн

3 лістапада 2022 года каля 9.30 з аэрапорта Ф’юмічына Папа адправіўся ў сваё чарговае замежнае падарожжа. Ён стане першым Пантыфікам у гісторыі, які наведае Каралеўства Бахрэйн.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Самалёт ITA Airways са Святым Айцом на борце працяліць над тэрыторыяй Італіі, Грэцыі, Кіпра, Егіпта, Іарданіі, Саудаўскай Аравіі і Бахрэйна. За 5 гадзін ён пераадолее 4 228 кіламетраў. Францішак прыбудзе на авіябазу Сахір у Авалі каля 16.45 па мясцовым часе.

У аэрапорце не запланавана ніякіх выступленняў. Напрыканцы кароткай размовы Пантыфік і Кароль са сваёй світай прывітаюць вялікага суніцкага імама Аль-Азхара Ахмада Аль-Таеба. Каралеўская сям'я і большасць бахрэйнцаў – суніты.

У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваны дзве сустрэчы: з Каралём Бахрэйна, а таксама з прадстаўнікамі ўлады, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса. Галоўная мэта візіту – Бахрэйнскі форум на карысць дыялогу.

Папа будзе пражываць у каралеўскім палацы Сахір у Авалі.

Тэма падарожжа – “На зямлі спакой людзям добрай волі” – натхнёная словамі, якія ўсклікае анёл у евангельскім фрагменце пра нараджэнне Хрыста (Лк 2, 14).

У Бахрэйне іслам з'яўляецца дзяржаўнай рэлігіяй, а шарыят – асноўнай крыніцай права. Да хрысціянскай супольнасці належыць каля 10% жыхароў краіны, а католікаў тут – ад 80 да 100 тысяч. Адносіны са Святым Пасадам былі ўсталяваны ў 2000 годзе.

Каралеўства з'яўляецца адной з нямногіх краін у рэгіёне, дзе з 1930 года павялічылася колькасць хрысціян, якія там пражываюць пастаянна. Большасць з іх – мігранты з Азіі, у першую чаргу, з Філіпін.
 

03 лістапада 2022, 09:58