Пошук

Барталамей І Барталамей І 

Францішак напісаў ліст да Патрыярха Канстанцінопальскага

Папа запэўніў Царкву Канстанцінопаля і Патрыярха Барталамея І у сваёй “братэрскай прыхільнасці і сардэчных малітвах”. Ён перадаў спецыяльны ліст з ватыканскай дэлегацыяй, якая знаходзіцца з візітам на Фанары.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Сустрэча Касцёла Рыма з Касцёлам Канстанцінопаля з нагоды іх адпаведных патранальных святаў з’яўляецца выразам глыбіні сувязяў, якія нас аб’ядноўваюць, і бачным знакам дарагой нам надзеі на ўсё больш глыбокую еднасць”, - напісаў Францішак, маючы на ўвазе абмен дэлегацыямі які існуе з часоў візіту Яна Паўла II у Стамбул у 1979 годзе.

Пантыфік нагадаў аб тым, што “поўнае аднаўленне камуніі паміж усімі, хто верыць у Езуса Хрыста, з’яўляецца непарушным абавязацельствам кожнага хрысціяніна”, і гэта “не толькі Божая воля, але і неадкладны прыярытэт у цяперашнім свеце”, які “мае вялікую патрэбу ў прымірэнні, братэрстве і еднасці”.

Аўтар ліста прапанаваў не адмаўляцца ад аналізу гістарычных і тэалагічных прычын, якія ляжаць у вытоках падзелаў сярод хрысціян Усходу і Захаду. Але гэты працэс павінен характарызавацца сапраўдным дыялогам і ўзаемнай адкрытасцю, а не палемічным ці апалагетычным духам.

“Мы таксама павінны прызнаць, што падзелы з’яўляюцца вынікам вартых жалю дзеянняў і адносін, якія перашкаджаюць справе Духа Святога, Які вядзе вернікаў да еднасці ў законнай разнастайнасці. З гэтага вынікае, што толькі рост у святасці жыцця можа прывесці да сапраўднага і трывалага адзінства”, - напісаў Папа.

Ён заклікаў “працаваць над аднаўленнем еднасці паміж хрысціянамі не толькі праз падпісаныя пагадненні, але і праз вернасць волі Айца і распазнаванне настаўленняў Духа Святога”, і дзякаваць Богу за тое, што хрысціяне “не змірыліся з мінулым і цяперашнім досведам падзелаў”, але, “наадварот, праз малітву і братэрскую любоў імкнуцца да поўнай еднасці, якая аднойчы, у Божы час, дазволіць нам сабрацца за адным эўхарыстычным сталом”.

Францішак нагадаў, што ёсць шмат сфер, дзе Каталіцкі Касцёл і Экуменічны Патрыярхат працуюць разам дзеля агульнага дабра чалавечай сям’і. Адным з найбольш плённых напрамкаў гэтага супрацоўніцтва з'яўляецца міжрэлігійны дыялог.

Рым і Канстанцінопаль накіроўваюць свае дэлегацыі на патранальныя ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла і святога Андрэя Першазванага. 29 чэрвеня праваслаўная дэлегацыя прысутнічае на ўрачыстасцях у Рыме, а 30 лістапада Папа адпраўляе сваіх дэлегатаў у Стамбул.
 

30 лістапада 2022, 12:39