Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: пажылыя людзі – гэта настаўнікі пяшчоты

Францішак прымеркаваў адмысловы допіс у Twitter да Міжнароднага дня пажылых людзей, які адзначаецца пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 1 кастрычніка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Мы, пажылыя людзі, часта маем асаблівую адчувальнасць да клопату, рэфлексіі і пяшчоты. Мы з'яўляемся або можам стаць настаўнікамі пяшчоты. У свеце, які звыкся з вайной, нам патрэбна сапраўдная рэвалюцыя пяшчоты”, - адзначыў Папа.

Нагадваючы пра важнасць нядаўніх катэхез Пантыфіка пра пажылых людзей, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, апісваючы сучаснае грамадства, выкарыстаў метафару чатырохпавярховага будынка. У “культуры адчужэння” яны часта разглядаюцца як цяжар, у той час як пажылы ўзрост з'яўляецца дарам сталасці і мудрасці для іншых пакаленняў.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця звярнуў увагу на тое, што ніколі раней на планеце не было столькі пажылых, у тым ліку і таму яны павінны быць у цэнтры ўвагі грамадства.

“Упершыню ў гісторыі чалавецтва мы маем справу з масавай старасцю і з суіснаваннем чатырох пакаленняў. (...) Мы знаходзімся ў чатырох перыядах: дзеці, падлеткі, дарослыя і пажылыя людзі. Як чатырохпавярховы будынак, поўны людзей, на жаль, крыху незбалансаваны, дзе на апошнім паверсе трохі цесна. Існуе небяспека: тут няма ні лесвіцы, ні ліфта, няма сувязі паміж пакаленнямі. Таму вельмі важна думаць пра багацце, якое пажылыя людзі прапануюць грамадству”, - падкрэсліў арцыбіскуп Палья.

Бабулі і дзядулі вучаць унукаў пачуццям у грамадстве, дзе “бацькі занятыя, не прысвячаюць час сваім дзецям, якія, у сваю чаргу, гадзінамі праводзяць перад камп'ютарам, у віртуальнай бурбалцы з усімі рызыкамі і распустай, звязанымі з гэтым”, - звярнуў увагу старшыня Папскай акадэміі жыцця.
 

02 кастрычніка 2022, 12:51