Пошук

Аўдыенцыя для Сясцёр святой Брыгіты і Місіянерак Камбаніянак Аўдыенцыя для Сясцёр святой Брыгіты і Місіянерак Камбаніянак 

Папа законніцам: чэрпаць апостальскі запал і любоў у малітве

Чэрпаць сілы з малітвы, быць гасціннымі і служыць ахвярам сучаснага рабства, - заклікаў Папа ўдзельніц генеральных капітулаў Сясцёр святой Брыгіты і Сясцёр місіянерак пабожных маці Нігрыцыі (камбаніянак).

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Кожны капітул з’яўляецца благаслаўлёным часам для манаскай сям’і, якая яго праводзіць. Гаворка ідзе пра час паслухмянасці і адкрытасці Святому Духу, каб зразумець прыярытэты місіі, якую Бог давярае вам дзеля дабра Касцёла і свету. Акрамя таго, гэта нагода, каб пачаць ад Хрыста, Які напаўняе сэнсам і паўнатой кожны касцёльны шлях. Ён, Пан, з’яўляецца зыходнай кропкай унутранага і калектыўнага абнаўлення. Таму, на першым месцы для нас заўсёды стаіць духоўнае жыццё, асабістыя адносіны з Панам Езусам”, - сказаў Святы Айцец падчас аўдыенцыі, якая прайшла 22 кастрычніка 2022 года ў Ватыкане.

Звяртаючыся да брыгітак, Францішак нагадаў, што харызматам гэтай супольнасці з’яўляецца сцвярджэнне “першаснасці Бога” ў жыцці кожнай манахіні і ўсёй супольнасці. “Заахвочваю вас асаблівым чынам прысвяціць сябе малітве адарацыі: гэта важна. Сёння крыху згубілася разуменне сэнсу малітвы адарацыі, лічыцца, што падчас яе губляем час. Яна не практыкуецца часта, але я заклікаю вас рабіць гэта. Трэба адараваць, каб занурыцца ў боскую любоў і дарыць яе поўнымі рукамі тым, каго сустракаеце на вашым шляху. Цудоўна адараваць у маўчанні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, прабываць у суцяшальнай прысутнасці Езуса і адсюль чэрпаць апостальскі запал, каб быць прыладамі дабрыні, ласкавасці і гасціннасці ў супольнасці, Касцёле і свеце”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што адной з характэрных рыс місіі Сясцёр святой Брыгіты з’яўляецца гасціннасць. Важна весці глыбокае духоўнае жыццё, каб спаўняць гэта заданне не ў якасці простай філантропіі, але сапраўднага міласэрнага служэння, - сказаў ён, заклікаючы законніц узрастаць у “карытатыўным вымярэнні” праз будаванне добрых адносін у сваёй супольнасці, пазначаных любоўю, узаемнай дапамогай, жэстамі ўвагі і клопату.

Скіроўваючы слова да камбаніянак, Папа заклікаў іх наследаваць прыклад святога Даніэля Камбоні, заснавальніка гэтай манаскай супольнасці, спалучаючы евангелізацыю з абаронай самых уразлівых, асабліва ахвяр сучаснага рабства. Ён нагадаў пра лёс ахвяр прастытуцыі, гандлю людзьмі, прымусовай працы, гандлю органамі, гандлю наркотыкамі, пра ганебную эксплуатацыю дзяцей, а таксама пра мігрантаў, якія з’яўляюцца ахвярамі схаваных інтарэсаў.

“Праблему гэтага рабства немагчыма вырашыць без ліквідацыі яго найглыбейшых прычын, у тым ліку беднасці, няроўнасці і дыскрымінацыі. Перад абліччам гэтай рэальнасці прапануйце даць хрысціянскі адказ, які заключаецца не ў пакорлівым назіранні, а ў любові, якая, будучы натхнёнай даверам да Божага Провіду, умее любіць свой час і з пакорай сведчыць аб Евангеллі. Робячы гэта, вы ўсведамляйце, што крочыце супраць плыні, сутыкаючыся з культурай індывідуалізму і абыякавасці, якая нараджае самотнасць і правакуе спісанне ва ўтыль мноства людскіх жыццяў”, - сказаў Папа.

Францішак спаслаўся на літургічны ўспамін святога Яна Паўла ІІ, які 22 кастрычніка адзначаецца ў Касцёле. “Ён быў Божым чалавекам, таму што шмат маліўся, знаходзіў час для малітвы, будучы пагружаным у шматлікія і цяжкія абавязкі свайго служэння. Такім чынам ён канкрэтным чынам засведчыў, што першачарговым заданнем хрысціяніна, кансэкраванай асобы, святара і біскупа з’яўляецца малітва і што асабістую малітву нельга занядбоўваць ні ў якім разе. Іншым аспектам жыцця і сведчання гэтага святога Пантыфіка была яго блізкасць да народа Божага, якая выяўлялася ў пошуку кантактаў з людзьмі і ў падарожжах па ўсіх кантынентах, каб быць побач з усімі, з дарослымі і дзецьмі, са здаровымі і хворымі, блізкімі і далёкімі. Натхняцца ім будзе карысна, каб глядзець на рэчаіснасць вачыма Пана Езуса; а гэта дапаможа вам ісці ў радасці, у паслухмянасці Духу, і зрабіць вашы харызматы ўцелаўлёным прароцтвам”, - запэўніў Святы Айцец.
 

22 кастрычніка 2022, 12:47