Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа прыняў французскіх палітыкаў і папрасіў іх служыць бедным

Супрацоўнічаць з Касцёлам у сацыяльнай і культурнай сферах, заклікаў Францішак палітыкаў, якія прыбылі 21 кастрычніка 2021 года на аўдыенцыю ў Ватыкан з поўначы Францыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа заўважыў, што дзяржаўныя дзеячы прадстаўляюць рэгіён, калісьці багаты вугальнымі шахтамі, моцнай металургічнай прамысловасцю і вядомымі тэкстыльнымі фабрыкамі, а цяпер асуджаны на жудасны крызіс, звязаны з закрыццём шахт і заводаў, створаных падчас прамысловай рэвалюцыі канца дзевятнаццатага стагоддзя. Гэта прывяло і да збяднення мясцовага насельніцтва.

Ён падзякаваў прадстаўнікам улады за імкненне вырашыць не толькі сацыяльныя праблемы, але і клапаціцца пра культурнае вымярэнне свайго рэгіёна, усведамляючы, што “чалавек корміцца не толькі хлебам, але і гонарам за ўласныя карані”.

Пантыфік лічыць, што ў сацыяльнай сферы, улічваючы бягучыя падзеі, важныя два паняцці: вітанне і клопат. Дапамогі сёння патрабуюць найбольш абяздоленыя, перш за ўсё мігранты, але таксама людзі з інваліднасцю. Ім трэба гарантаваць дадатковыя магчымасці і належную павагу.

Што датычыцца клопату, Францішак звярнуў увагу на сітуацыю пажылых у дамах састарэлых і людзей, якія знаходзяцца на апошнім этапе жыцця. Ён заклікаў “суправаджаць” такіх асоб, у тым ліку праз развіццё паліятыўнай дапамогі. Медыкі па сваёй прыродзе прызначаны даглядаць і дапамагаць, нават калі не заўсёды ёсць магчымасць лячыць, але яны не могуць забіваць сваіх пацыентаў, - заўважыў Папа, маючы на ўвазе бягучую дыскусію ў французскім грамадстве на тэму ўвядзення эўтаназіі. Ён выказаў спадзяванне на тое, што такія істотныя пытанні будуць абмяркоўвацца на аснове праўды.

“Для мяне сапраўдная радасць бачыць, як тыя, хто мае абавязкі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, цікавяцца пасланнем Касцёла па пытаннях, якія агульна падзяляюцца, як яны ўсведамляюць ролю, якую павінны адыгрываць праз прыхільнасць служэнню сваім суграмадзянам. Дзякуючы веры ў Хрыста, Які стаў бедным, Касцёл заўсёды клапаціўся аб інтэгральным развіцці найбольш пакінутых у грамадстве, і вы можаце разлічваць на яго дапамогу. Разам з вамі ён імкнецца быць побач з мігрантамі, пажылымі і хворымі, іншымі словамі, з усімі тымі, хто “застаўся ззаду”, для каго самай высокай ступенню беднасці, несумненна, з’яўляецца выключанасць і адзінота”, - адзначыў Святы Айцец.

Ён паабяцаў палітыкам прасіць Бога аб дапамозе ў рэалізацыі ініцыятыў, якія спрыяюць агульнаму дабру ў паўночных рэгіёнах Францыі.
 

21 кастрычніка 2022, 11:51