Пошук

Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі руху Камунія і вызваленне Францішак падчас сустрэчы з удзельнікамі руху Камунія і вызваленне 

Пантыфік да Comunione e Liberazione: крызіс прымушае нас расці

Папа звярнуў увагу на харызму, пакліканне выхавацеля і любоў да Касцёла, якія меў ксёндз Луіджы Джусані, заснавальнік руху Камунія і вызваленне. Сёлета адзначаецца 100-годдзе з дня яго нараджэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

15 кастрычніка 2022 года, сустракаючыся на плошчы святога Пятра з 50 тысячамі духоўных паслядоўнікаў святара, Францішак адзначыў, што цяперашнія часы крызісу – гэта перыяд паўтарэння незвычайнай гісторыі Руху, яго культуры і місіі; “час крытычнага распазнавання таго, што абмежавала плённы патэнцыял харызмы айца Джусані; час місійнага абнаўлення і адраджэння ў святле актуальнага касцёльнага моманту, а таксама разумення патрэб, пакут і спадзяванняў сучаснага чалавецтва”. Пантыфік лічыць, што “крызіс прымушае нас расці”, калі не абмяжоўваецца выключна канфліктам.

Ён папрасіў удзельнікаў аўдыенцыі спытаць сябе: як можна адказаць на патрэбы змены сучаснасці, захоўваючы харызму? Пры гэтым Папа падкрэсліў, што “распазнанне і выпраўленне памылковых шляхоў, дзе гэта неабходна, магчыма толькі пры пакорным стаўленні і пад мудрым кіраўніцтвам Касцёла”.

Францішак заклікаў чальцоў руху Камунія і вызваленне сілкавацца “вялікай духоўнай спадчынай”, якую пакінуў заснавальнік, а ў першую чаргу развіваць у сабе “яго запал да адукацыі, яго любоў да моладзі, яго любоў да свабоды і асабістай адказнасці кожнага за свой лёс, яго павагу да непаўторнай унікальнасці кожнага мужчыны і кожнай жанчыны”.

“Айцец Джусані вучыў павазе і сыноўняй любові да Касцёла і, з вялікай ураўнаважанасцю, ён заўсёды ведаў, як захаваць разам харызму і ўладу, якія дапаўняюць адна адну, абедзве неабходныя. (...) Без улады існуе рызыка заблукаць, пайсці ў няправільным кірунку. Але без харызмы падарожжа рызыкуе стаць сумным, перастаць быць прывабным для людзей канкрэтнага гістарычнага моманту”, - звярнуў увагу Святы Айцец.

Папа перакананы ў тым, што менавіта “касцёльныя рухі, кожны сваёй харызмай, спрыяюць таму, каб паказаць прывабнасць і навізну хрысціянства; а ўлада Касцёла павінна мудра і разважліва ўказаць, якім шляхам павінны ісці рухі, каб заставацца вернымі сабе і місіі, якую Бог даручыў ім”.

Напрыканцы сустрэчы Францішак папрасіў Comunione e Liberazione суправаджаць яго ў “прароцтве на карысць міру”, якое паходзіць ад Хрыста, Пана супакою! Ён прызнаўся, што яго “палохае ўсё больш і больш жорсткі і ваяўнічы свет”.

Менавіта таму, лічыць Пантыфік, сёння так неабходна прароцтва, “якое паказвае на прысутнасць Бога ў бедных, у пакінутых і ўразлівых, асуджаных і адсунутых ад сацыяльнага будаўніцтва”; “якое абвяшчае прысутнасць Бога ў кожным народзе і культуры, адпавядаючы памкненням любові і праўды, справядлівасці і шчасця, якія належаць чалавечаму сэрцу і якія б’юцца ў жыцці кожнага чалавека”.

“Няхай гэты святы прарочы і місійны неспакой гарыць у вашых сэрцах”, - пажадаў Францішак тысячам вернікаў, прысутных на аўдыенцыі ў Ватыкане.
 

15 кастрычніка 2022, 12:20