Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа моладзі: сведчыць пра прыгажосць, аб’яўленую Езусам

Прыгажосць – гэта адзін з прывілеяваных шляхоў, каб прыйсці да Бога, - нагадаў Пантыфік маладым студэнтам – удзельнікам праекта сясцёр-уршулянак у рамках ініцыятывы Глабальны адукацыйны саюз.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Заўсёды марыць пра лепшы свет і дзень за днём намагацца будаваць яго, - заахвоціў Папа ў пасланні, якое было абнародавана 30 верасня 2022 года. Францішак нагадаў, што біёграфы пісалі пра святую Уршулю, як пра дзяўчыну выключнай прыгажосці. У сувязі з гэтым ён заклікаў маладых людзей паказваць сваю прыгажосць, несці ў свет прыгажосць, якая належыць ім спрадвеку, “ад першай хвіліны стварэння, калі Бог стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства і ўбачыў, што ён вельмі прыгожы”.

“Гэту прыгажосць трэба пашыраць і бараніць”, - сцвердзіў Пантыфік, дадаючы: калі праўдай з’яўляецца тое, што “прыгажосць уратуе свет”, тады трэба быць пільнымі, каб “свет захаваў прыгажосць”. На думку Святога Айца, “немагчыма выхоўваць, не ўводзячы ў сэрца прыгажосці”, а “выхаванне не з’яўляецца плённым, калі не здольнае ствараць паэтаў”.

Францішак патлумачыў, што гаворка не ідзе пра закаханасць ва ўласны вобраз, як у выпадку Нарцыса, і не пра прыгажосць, якая прадугледжвае саюз са злом, як у гісторыі пра Дарыяна Грэя, які пасля таго, як развеяліся чары, застаўся са знявечаным тварам. “Мы гаворым пра тую прыгажосць якая не прамінае ніколі, бо з’яўляецца адлюстраваннем боскай прыгажосці: наш Бог – неадлучна добры, сапраўдны і прыгожы. Прыгажосць – гэта адзін з прывілеяваных шляхоў, каб прыйсці да Яго”, - дадаў Папа.

Святы Айцец зазначыў, таксама, што прыгажосць, аб’яўленая Езусам, праяўляецца ў дзеянні. Ён заклікаў юнакоў і дзяўчат не баяцца запэцкаць рукі падчас служэння, мець здаровы неспакой і няўрымслівасць, заўсёды рухацца наперад, ніколі не лічыць, што ўжо “прыйшлі” да мэты.

“Не ізалюйся ад свету, замыкаючыся ў сваім пакоі, як Пітэр Пэн, які не хоча сталець, або як маладыя хікікаморы, якія баяцца выйсці ў свет, але заўсёды будзьце адкрытымі і смелымі, як святая Уршуля, “маленькая мядзведзіца”, якая адважылася адправіцца ў далёкі шлях са сваімі сябрамі і бясстрашна перажыла напады аж да мучаніцкай смерці”, - заклікаў Папа, заахвочваючы юнакоў і дзяўчат не ўцякаць ад адказнасці, бо “калі моладзь робіць не змяніць свет, дык хто зменіць?”.
 

01 кастрычніка 2022, 11:07