Пошук

Францішак падчас інтэрв'ю. Здымак мае ілюстрацыйны характар Францішак падчас інтэрв'ю. Здымак мае ілюстрацыйны характар 

Святы Айцец заклікаў не культываваць вайну, а рыхтаваць мір

Існуе патрэба ў творчым падыходзе да пабудовы міру і ў глабальных рашэннях, якія ствараюць аснову для больш шырокага дыялогу. І гэта ўсё – дзеля будучых пакаленняў, - лічыць Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта Святы Айцец звярнуў увагу ў шырокім інтэрв’ю для неапалітанскага выдання Il Mattino. Разам з шматлікімі пытаннямі, звязанымі з поўднем Італіі, прагучалі і іншыя – на тэму міграцыі і вайны ва Украіне.

Папа нагадаў пра свае паездкі ў краіны, якія мяжуюць з Міжземным морам. Ён заўважыў, што гэта геаграфічная прастора ператварылася ў вялізныя могілкі. “Нельга забывацца, што будучыня кожнага з нас будзе мірнай толькі тады, калі яна будзе звязана са слабейшымі. Таму што, калі адкідваюцца бедныя, адкідваецца Бог, Які ў іх, і адкідваецца мір”, - сказаў Пантыфік. Ён прызнаўся, што менавіта таму заўсёды перасцерагае ад тых, хто хацеў бы саткаць свет са страху, недаверу, муроў і войнаў; замест наладжвання мастоў і міру.

Францішак звярнуў увагу на тое, што грамадства лёгка напалохаць, унушыўшы яму страх перад іншымі людзьмі. Цяжэй казаць пра сустрэчу з іншым чалавекам, асуджаць эксплуатацыю бедных і войны, якія часта ў значнай ступені фінансуюцца дзякуючы таемным манеўрам з гандлем і распаўсюджваннем зброі.

Святы Айцец адзначыў, што як хрысціяне мы пакліканы разважаць паводле ўзору міру, а не вайны, любові, а не нянавісці; нават у часы, якія здаюцца нам самымі цёмнымі.

Папа падкрэсліў, што цяпер свет сутыкнуўся з вайной ва Украіне і многімі іншымі канфліктамі. Ён працытаваў словы Яна Паўла ІІ пасля тэрактаў у Нью-Ёрку аб тым, што “немагчыма цалкам аднавіць парушаны парадак, калі не спалучаць справядлівасць з прабачэннем”.

“На ўсё свой час. Перад прабачэннем ідзе асуджэнне зла. Важна, аднак, не культываваць вайну, а рыхтаваць мір, сеяць мір”, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён заклікаў адмовіцца ад ідэі, што для пераадолення зла трэба выкарыстоўваць яго ўласную зброю. Папа нагадаў думку, агучаную на казахстанскай сустрэчы з кіраўнікамі сусветных рэлігій: толькі дыялог з’яўляецца неабходным шляхам, і дарогі назад няма. І гэты дыялог мы павінны весці з усімі.

Францішак заклікаў пакласці канец вар'яцтву вайны ва Украіне і многіх іншых войнаў, якія цяпер ідуць у свеце. "У будаўніцтве міру нам патрэбна крэатыўнасць, а не банальныя ідэалагічныя погляды. Нам патрэбны глабальныя рашэнні, нам неабходна закласці падмурак для больш шырокага дыялогу, нам неабходна вярнуцца да міжнародных мірных канферэнцый, дзе раззбраенне знаходзіцца ў цэнтры парадку дня”, - звярнуў увагу Папа.

Ён падкрэсліў неабходнасць думаць пра будучыя пакаленні. Такім чынам, адзначыў Святы Айцец, “сродкі, якія цяпер выдаткоўваюцца на ўзбраенне, павінны быць накіраваны на развіццё, ахову здароўя і харчаванне, адукацыю і экалагічную канверсію”.
 

19 верасня 2022, 12:00