Пошук

Каралева Лізавета II і Францішак Каралева Лізавета II і Францішак 

Святы Айцец спачувае і моліцца за памерлую каралеву Лізавету II

Францішак адправіў тэлеграму на імя Карла III, у якой запэўніў у сваёй малітве за памерлую каралеву Лізавету II. Ён таксама моліцца за паспяховае служэнне новага караля.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Глыбока засмучаны весткай аб смерці Яе Вялікасці Каралевы Лізаветы II, выказваю шчырыя спачуванні Вашай Вялікасці, членам Каралеўскай сям'і, народу Аб’яднанага Каралеўства і Брытанскай Садружнасці. Ахвотна далучаюся да ўсіх тых, хто аплаквае яе страту, молячыся аб вечным супакоі памерлай Каралевы і аддаючы даніну павагі яе нястомнаму жыццю ў служэнні Народу і Аб’яднанаму Каралеўству, яе прыкладу адданасці абавязкам, непахіснаму сведчанню веры ў Езуса Хрыста і моцнай надзеі на Яго абяцанні”, - напісаў Папа.

“Аддаючы высакародную душу Лізаветы II міласэрнай дабрыні Нябеснага Айца”, Пантыфік запэўніў Карла ІІІ у сваіх малітвах за яго, просячы Усемагутнага Бога падтрымаць новага караля “сваёй нязменнай ласкай”.

“Для Вас і ўсіх, хто шануе памяць Вашай памерлай маці, выпрошваю багатае Божае благаслаўленне як залог суцяшэння і сілы ў Пану”, - такімі словамі завяршаецца папская тэлеграма.
 

09 верасня 2022, 11:01