Пошук

Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Ордэна рэгулярных канонікаў-прэманстрантаў Падчас аўдыенцыі для прадстаўнікоў Ордэна рэгулярных канонікаў-прэманстрантаў 

Папа да манахаў: гаспадарчая дзейнасць – для рэалізацыі місіі

Пераасэнсаваць гісторыю свайго служэння ў Еўропе, - заклікаў Папа Ордэн рэгулярных канонікаў-прэманстрантаў. Ён прыняў манахаў 22 верасня 2022 года, прымеркаваўшы аўдыенцыю да 900-годдзя заснавання абацтва Прэмантрэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пачатку Францішак спаслаўся на заснавальніка супольнасці, святога Норберта – місіянера, вандроўнага прапаведніка, а затым арцыбіскупа Магдэбургскага, які праводзіў евангелізацыю ў межах тагачаснай Германскай імперыі.

Папа запрасіў сваіх гасцей пераасэнсаваць гісторыю свайго знаходжання ў Еўропе. “Нанова перажываючы свой пачатак”, можна зразумець, “што з'яўляецца вашым асноўным натхненнем”, - заўважыў ён.

“Не будзем забывацца: быць ордэнам азначае вучыцца адно ў аднаго; гэта азначае, што федэратыўныя супольнасці ў сваёй аўтаноміі павінны культываваць братэрскія інтарэсы для ўсіх іншых супольнасцей. Гэта для вас спосаб жыцця каталіцтвам Касцёла. Кожная супольнасць захоўвае сваю ўласную ідэнтычнасць, часта вызначаную яе паходжаннем і гісторыяй, і таму ніводная з іх не можа прэтэндаваць на навязванне сваёй ідэнтычнасці іншым. Хутчэй гаворка ідзе пра прызнанне таго, што падзяляецца імі як выраз агульнай харызмы”, - звярнуў вагу Святы Айцец.

Ён нагадаў, што рэгулярныя канонікі спрадвеку былі місіянерамі, паколькі, дзякуючы сваёй харызме, “заўсёды стараліся зыходзіць з Евангелля і з канкрэтных патрэб людзей”.

“Дакладна кажучы, місіянерскі запал прэманстрацкага дома ператвараецца ў канкрэтны выбар у сацыяльнай, эканамічнай і культурнай сферах. Гаспадарчая дзейнасць манаскай супольнасці накіравана на ўтрыманне сваіх членаў, іх падрыхтоўку і апостальства. Многім з вас часта неабходна забяспечыць утрыманне і захаванне культурнай і архітэктурнай спадчыны. Гаспадарчая дзейнасць служыць місіі і рэалізацыі харызмы: яна ніколі не з’яўляецца самамэтай; яна накіравана да мэты духоўнай”, - растлумачыў Папа.

Менавіта такі падыход, перакананы Францішак, “стварае ўмовы для эфектыўнага душпастырства і годнага даверу абвяшчэння Евангелля”. “Эканамічны і грамадскі выбар не аддзелены ад місіі. Кантакты з дзяржаўнымі органамі і рознымі кампаніямі, грамадскія інвестыцыі таксама могуць спрыяць развіццю добрых ініцыятыў”, - заўважыў ён.

Святы Айцец пажадаў рэгулярным канонікам развіваць узаемныя кантакты ўнутры Ордэна. Гэта дапаможа адкрытасці і салідарнасці паміж супольнасцямі, а таксама ўвазе да кантэксту, у якім кожная з іх жыве і сведчыць аб Евангеллі.
 

22 верасня 2022, 11:24