Пошук

Францішак падчас візіту ў жэнеўскую штаб-кватэру Сусветнай Рады Цэркваў. 21.06.2018 Францішак падчас візіту ў жэнеўскую штаб-кватэру Сусветнай Рады Цэркваў. 21.06.2018 

Папа да Цэркваў: свет чакае ад нас агульнага сведчання Евангелля

Папа заклікаў хрысціян ва ўсім свеце змагацца з несправядлівасцю і сацыяльнымі падзеламі, быць больш адданымі справе міру. Ён напісаў прывітальны ліст да Генасамблеі Сусветнай Рады Цэркваў, якая сабралася ў Карлсруэ.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Па-ранейшаму існуюць войны, дыскрымінацыя, розныя формы несправядлівасці і падзелаў, нават сярод саміх вызнаўцаў хрысціянства. Глабалізаваны свет, у якім мы жывём, патрабуе ад нас супольнага сведчання Евангелля ў адказ на надзённыя патрэбы нашага часу”, - адзначыў Францішак.

Папскае прывітанне, напісанае на іспанскай мове, зачытаў 1 верасня 2022 года кіраўнік ватыканскай дэлегацыі, кардынал Курт Кох. Словы Пантыфіка былі сустрэтыя працяглымі апладысментамі. Выконваючы абавязкі Генеральнага сакратара айцец Іаан Саўка падзякаваў Святому Айцу і высока ацаніў супрацоўніцтва паміж Святым Пасадам і Сусветнай Радай Цэркваў.

У сваім лісце Францішак падкрэсліў, што сустрэча ў Карлсруэ, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі больш чым 100 краін і 350 Цэркваў і касцёльных супольнасцей, ужо сама па сабе з’яўляецца “сімвалам іх прыміранай разнастайнасці”. Ён лічыць, што сустрэча мае пантэнцыял паспрыяць таму, каб “адзінства хрысціян стала яшчэ больш яскравым знакам надзеі і суцяшэння для чалавецтва”.

Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца членам Рады, але цесна супрацоўнічае з ёй з 1965 года. Ватыканскую дэлегацыю з 20 чалавек, запрошаную ў Карлсруэ ў якасці назіральнікаў, узначальвае старшыня Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, кардынал Курт Кох.

Каля 800 дэлегатаў з 350 Цэркваў-членаў Сусветнай Рады і некалькі сотняў супрацоўнікаў і экспертаў хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцей з больш чым 100 краін свету ўдзельнічаюць у генеральнай асамблеі, якая праходзіць з 31 жніўня па 8 верасня на тэму: Любоў Хрыста рухае свет да прымірэння і еднасці. Разам з гасцямі і прадстаўнікамі СМІ гэта каля 4 тысяч чалавек.
 

02 верасня 2022, 11:28