Пошук

Папа Францішак падчас Звычайнага кансісторыя па прызначэнні новых кардыналаў Папа Францішак падчас Звычайнага кансісторыя па прызначэнні новых кардыналаў 

Папа новым кардыналам: дзяліцца агнём Божай любові

Дапамагаць людзям адчуць прысутнасць жывога Езуса сярод нас, - заклікаў Папа новых кардыналаў падчас Звычайнага публічнага кансісторыя, які 27 жніўня 2022 года правёў у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся!” – гэтыя словы з Евангелля святога Лукі сталі зыходнай кропкай гаміліі Святога Айца. Ён заўважыў, што вобраз агня – магутнага полымя Святога Духа – гэта Божая любоў, якая ачышчае, адраджае і перамяняе. Сваім вучням Пан быццам перадае гарачую паходню сваёй місіі, апостальскага запалу, клопату аб збаўленні кожнага чалавека, - заўважыў Пантыфік.

“Пан хоча данесці яго і да нас, каб, становячыся падобнымі да Яго, мы з пакорай, вернасцю, блізкасцю і пяшчотай дапамагалі многім адчуць прысутнасць жывога Езуса сярод нас”, - дадаў Францішак.

Святы Айцец заклікаў новых кардыналаў умацоўваць полымя Хрыстовай любові ў сабе праз эўхарыстычную адарацыю, малітву і любоў, а таксама адважна клапаціцца як пра вялікае, так і малое. “Кардынал любіць Касцёл з адным і тым жа духоўным агнём, вырашаючы як вялікія, так і малыя пытанні, сустракаючыся з вялікімі гэтага свету ці з малымі, якія вялікія перад Богам”, - сказаў ён.

Пантыфік адзначыў важнасць скіравання позірку да Хрыста, бо толькі Ён ведае таямніцу пакорлівай велікадушнасці, ласкавай сілы і паўсюднасці, скіраванай на дэталі. Толькі Ён ведае “таямніцу Божага агню, які сыходзіць з нябёсаў, асвячаючы все іх канцы, і які спакойна гатуе пасілак для бедных сем’яў, мігрантаў ці бяздомных”. “Езус хоча распаліць гэты агонь на зямлі і сёння; Ён хоча нанова запаліць яго на берагах нашых паўсядзённых гісторый”, - падкрэсліў Францішак.
 

27 жніўня 2022, 19:53