Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак правядзе кансісторыі па новых кардыналах і святых

27 красавіка 2022 года Францішак узначаліць Звычайны публічны кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў. Ён правядзе накладанне берэта, пасвячэнне пярсцёнка і прысваенне тытула або дыяканіі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Папа ўключыць у Калегію кардыналаў 20 новых членаў, з якіх 16 – выбаршчыкі і 4 без права голасу. Такім чынам пасля кансісторыя яна будзе складацца з 226-ці іерархаў, з якіх 132 – будуць выбаршчыкамі і 94 без права голасу на канклаве.

У Калегію будуць уваходзіць 112 іерархаў, прызначаных Францішкам, 64 – Бэнэдыктам XVI і 50 – Янам Паўлам ІІ. Найстарэйшым застанецца 97-гадовы афрыканскі кардынал Алешандры ду Нашсімэнту з Анголы, прызначаны Янам Паўлам ІІ, а самым маладым стане 48-гадовы апостальскі прэфект Улан-Батара ў Манголіі Джорджа Марэнга, якому кардынальскую годнасць надасць Францішак.

Пасля кансісторыя ў Калегіі кардыналаў з’явяцца прадстаўнікі чатырох новых краін: Манголіі, Парагваю, Сінгапура і Усходняга Тымора. Усяго ў ёй ёсць іерархі з 89-ці краін, найбольшая колькасць з Італіі – 48 чалавек. 104 кардыналы прадстаўляюць Еўропу, 31 – Азію, 27 – Афрыку, 26 – Паўночную Амерыку, 24 – Паўднёвую Амерыку, 9 – Цэнтральную Амерыку і 5 – Акіянію.

Сямёра новых пурпуратаў – законнікі. Пасля кансісторыя ў Калегіі кардыналаў будуць прадстаўлены тры новыя манаскія супольнасці: кангрэгацыя Езуса і Марыі (эўдысты), Інстытут місій Кансалаты і Легіянеры Хрыста. Агульная колькасць манахаў у Калегіі – 52, яны прадстаўляюць 28 манаскіх супольнасцей. Самымі шматлікімі з’яўляюцца салезіяне – 10 іерархаў.

Звычайны кансісторый па прызначэнні новых кардыналаў, які пройдзе 27 жніўня, стане восьмым у пантыфікат Францішка. Папа надасць кардынальскую годнасць арцыбіскупу Артуру Рошэ, прэфекту Кангрэгацыі па справах Божага культу і Дысцыпліны сакрамэнтаў; арцыбіскупу Лазарусу Ю Хын Сіку, прэфекту Кангрэгацыі па справах духавенства; арцыбіскупу Фернанда Вергесу Альсаге, старшыні Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан; арцыбіскупу Марсэля Жан-Марку Авэліну; біскупу Пітэру Окпалеке, пастыру дыяцэзіі Эквулабія ў Нігерыі; арцыбіскупу бразільскага Манаўса Леанарда Ульрыху Штайнэру; арцыбіскупу Філіпэ Нэры Антоніу Себасцьяну ду Разарыа Ферану, пастыру Гоа і Дамана ў Індыі; Біскупу Сан-Дыега ў ЗША Роберту Макэлрою; біскупу Вірджыліу ду Карму да Сілве, пастыру дыяцэзіі Дылі ва Усходнім Тыморы; біскупу Оскару Кантоні, які ўзначальвае італьянскую дыяцэзію Кома; арцыбіскупу індыйскага Хайдарабада Антоні Пулу; Паўлу Сэзару Косце арцыбіскупу-мітрапаліту Бразіліі; Біскупу Ва ў Гане Рычарду Куіа Баавобру Афру; Уільяму Го Сэнгу Чэ, арцыбіскупу Сінгапура; Адальберту Марцінэсу Флорэсу, арцыбіскупу-мітрапаліту Асунсьёна ў Парагваі; апостальскаму прэфекту Улан-Батара ў Манголіі Джорджыа Марэнгу.

Акрамя таго, у склад Калегіі кардыналаў увойдуць іншыя прадстаўнікі духавенства. Гэта Хорхэ Энрыкэ Хіменэс Карвахаль, арцыбіскуп-эмерыт Картахены ў Калумбіі; Лукас Ван Луй арцыбіскуп-эмерыт бельгійскага Гента; Арыга Мільё, арцыбіскуп-эмерыт італьянскага Кальяры; езуіт Джанфранка Гірланда; ксёндз Фартуната Фрэза, канонік Капітула базылікі святога Пятра.

У той жа дзень Пантыфік узначаліць Звычайны публічны кансісторый па кананізацыі Джавані Батыста Скалабрыні (1839-1905), італьянскага біскупа, заснавальніка Таварыства Місіянераў Святога Карла і Таварыства Сясцёр Місіянерак Святога Карла Барамэа, якія займаюцца душпастырствам мігрантаў, а таксама Артэмідэ Дзаці (1890-1951), італьянскага свецкага верніка з Таварыства святога Францішка Сальскага, які праславіўся як урач, што служыў бедным у Аргентыне.

Чакаецца, што пасля завяршэння кансісторыяў Святы Айцец і новыя кардыналы здзейсняць візіт у кляштар Mater Ecclesiae у Ватыканскіх садах, каб разам адведаць папу-эмерыта Бэнэдыкта XVI.
 

27 жніўня 2022, 10:55