Пошук

Францішак падчас Імшы ў Л'Аквіле Францішак падчас Імшы ў Л'Аквіле 

Францішак у Л'Аквіле: “землятрус душы” вучыць сапраўднай пакоры

Папа заахвоціў вучыцца пакоры як умове перажывання міласэрнасці і радасці, а таксама спрыяць прабачэнню, міру і згодзе. Ён узначаліў 28 жніўня 2022 года Імшу ў двары базылікі Санта-Марыя-ін-Калемаджо ў Л'Аквіле.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сваёй гаміліі Францішак падкрэсліў асаблівае значэнне ў жыцці цэнтральнаітальянскага горада ўрачыстасці Perdonanza Celestiniana – адпусту святога Цэлестына. Гэты Пантыфік увайшоў у гісторыю не столькі дзякуючы сваёй адмове ад далейшага выканання Пятровага служэння, колькі праз сваё пакорнае выкананне Божай волі.

Святы Айцец адзначыў, што пакорныя ў вачах людзей здаюцца слабымі і няўдачнікамі, хоць насамрэч яны з’яўляюцца сапраўднымі пераможцамі, бо цалкам давяраюць Богу і ведаюць Яго волю. Сёння ў пыхлівым свеце хрысціяне закліканы быць пакорнымі і лагоднымі. Пакора заключаецца ў здаровым рэалізме, які прымушае нас бачыць свае магчымасці, але і недахопы. Менавіта такі падыход дазваляе адвярнуць позірк ад саміх сябе і скіраваць яго да Бога, Які можа ўсё. “Сіла пакорных – гэта Пан, а не стратэгіі, чалавечыя рэсурсы, логіка гэтага свету”, - заўважыў Папа.

Ён падкрэсліў, што перажыванне міласэрнасці з’яўляецца ўмовай жыцця з радасцю. “Міласэрнасць - гэта досвед прыняцця, аднаўлення, умацавання, аздараўлення і падтрымкі... Прабачэнне – гэта пераход ад смерці да жыцця, ад адчування пакут і віны да свабоды і радасці”, - патлумачыў Пантыфік.

Спасылаючыся на катастрафічны землятрус 13-гадовай даўніны, Францішак звярнуў увагу на драматызм і каштоўнасць гэтага вопыту. “Таму што ты ведаеш, што значыць страціць усё, бачыць, як тое, што ты пабудаваў, развальваецца, пакінуць самае дарагое, мець на твары слёзы суму па тых, каго любіў. Вы можаце вучыць міласэрнасці, таму што перажылі няшчасце”, - звярнуўся Папа да жыхароў Л'Аквілы.

Ён лічыць, што з прыродным катаклізмам можна перажыць і “землятрус душы” – усведамленне ўласнай крохкасці, сваіх абмежаванняў і беднасці. “У такой сітуацыі можна страціць усё, але таксама можна навучыцца сапраўднай пакоры”, - адзначыў ён.

Спасылаючыся на евангельскую сцэну (Лк 14, 1, 7-14), у якой Езус заахвочвае запрошаных на свята не займаць першыя месцы, Францішак падкрэсліў, што занадта часта людзі думаюць, што іх вартасць мерыцца месцам, якое займаюць у гэтым свеце. “Чалавек – гэта не занятае ім месца, але свабода, на якую ён здольны і якую ў поўнай меры выяўляе, калі знаходзіцца на апошнім месцы або калі яму адведзена месца на крыжы. Хрысціянін ведае, што яго жыццё – гэта не кар’ера ў разуменні гэтага свету, але кар’ера ў разуменні Хрыста, Які кажа пра сябе, што прыйшоў служыць, а не быць тым, каму служаць (Мк 10, 45). Пакуль мы не зразумеем, што рэвалюцыя Евангелля заключаецца ў такой свабодзе, мы будзем працягваць назіраць войны, насілле і несправядлівасць, якія з’яўляюцца нічым іншым, як знешнім праяўленнем недахопу ўнутранай свабоды. Там, дзе няма ўнутранай свабоды, прабіваецца эгаізм, індывідуалізм, карысталюбства і прыгнёт. Браты і сёстры, няхай Л’Аквіла стане сапраўды сталіцай прабачэння, міру і згоды!”, - звярнуўся Папа ў сваёй гаміліі.
 

28 жніўня 2022, 13:01