Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра амаральнасць валодання ядзернай зброяй

Папа праз свой твітэр-канал @Pontifex звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку па пераглядзе Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі. Тут сабраліся прадстаўнікі 190 краін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Выкарыстанне ядзернай зброі, як і само валоданне ёю, з'яўляецца амаральным. Спроба абараніць і гарантаваць стабільнасць і мір праз ілжывае пачуццё бяспекі і “баланс страху” завяршаецца атручваннем адносін паміж народамі і становіцца перашкодай для сапраўднага дыялогу”, - звярнуў увагу Францішак.

На працягу чатырох тыдняў прадстаўнікі краін-членаў ААН будуць рабіць спробы аднавіць абавязковую сілу пагаднення, якое дзейнічае больш за паўстагоддзя. Міжнародная дамова, прынятая ў 1968 годзе, санкцыянуе неад'емнае права на ядзерную энергію, але забараняе распаўсюджванне ядзернай зброі ў свеце. Права на гэты від узбраення маюць толькі Кітай, Францыя, Вялікабрытанія, Расія і ЗША – краіны, якія мелі яго да 1967 года.

Францішак не першы раз за апошнія месяцы звяртаецца з такога роду заклікам. Пішучы да палітыкаў, прысутных на сустрэчы дзяржаў-удзельніц Дагавора аб забароне ядзернай зброі, якая праходзіла ў чэрвені 2022 года ў Вене, ён звярнуў увагу на тое, што ядзернае стрымліванне неадэкватнае, калі гаворка ідзе пра адказ на сучасныя выклікі.

Паводле пераканання Папы, ядзерная зброя з'яўляецца “мультыплікатарам рызыкі”; яна стварае выключна ілюзію міру: гэта “шантаж”, які павінен “абуджаць агіду ў сумленні чалавецтва”.

Святы Айцец нагадаў аб тым, што мір непадзельны, яго немагчыма дасягнуць індывідуальна. “Калі мір, бяспека і стабільнасць не будуць гарантаваны ва ўсім свеце, імі ўвогуле нельга будзе скарыстацца”, - лічыць ён.
 

02 жніўня 2022, 09:39