Пошук

Папа ў Л’Аквіле Папа ў Л’Аквіле 

Папа маліўся за народ Украіны і ўсе народы, якія пакутуюць

“Молімся за ўкраінскі народ і за ўсе народы, якія пакутуюць ад войнаў. Няхай Бог міру ажывіць у сэрцах лідараў дзяржаў чалавечае і хрысціянскае пачуццё міласэрнасці”, - заклікаў Папа ў Л’Аквіле 28 жніўня 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Перад малітвай Анёл Панскі, Францішак падзякаваў усім, хто суправаджаў яго падчас кароткага візіту ў сталіцу Абруца.

Святы Айцец выказаў сваё спачуванне пакістанцам, якія пацярпелі ад маштабнай паводкі. Дагэтуль у выніку катаклізму загінула больш за тысячу чалавек, а пацярпела – больш за 33 мільёна. У краіне аб'яўлена надзвычайнае становішча, разбураны тысячы кіламетраў дарог і сотні тысяч дамоў.

“У гэтым месцы, якое перажыло буйное стыхійнае бедства, я хачу запэўніць у сваім спачуванні народу Пакістана, які пацярпеў ад катастрафічнай паводкі. Малюся за шматлікіх ахвяр, параненых і перамешчаных, а таксама аб хуткай і шчодрай міжнароднай салідарнасці”, - сказаў Папа.

На заканчэнне Францішак звярнуўся з заклікам: “Цяпер давайце папросім Маці Божую, каб, як я сказаў напрыканцы сваёй гаміліі, Яна выпрасіла прабачэнне і мір для ўсяго свету. Памолімся за ўкраінскі народ і ўсе народы, якія пакутуюць ад войнаў. Няхай Бог міру ажывіць у сэрцах лідараў дзяржаў чалавечае і хрысціянскае пачуццё міласэрнасці. Марыя, Маці Міласэрнасці і Каралева супакою, маліся за нас!”.
 

28 жніўня 2022, 13:33