Пошук

Папа Францішак падчас святой Імшы ў санктуарыі святой Ганны ў Квебеку Папа Францішак падчас святой Імшы ў санктуарыі святой Ганны ў Квебеку 

Пантыфік: не ўцякаць перад абліччам няўдач, а даверыцца Богу

Паставіць Езуса ў цэнтр жыцця, - заклікаў Пантыфік падчас святой Імшы ў інтэнцыі прымірэння і пакаяння за грахі людзей Касцёла ў адносінах да карэнных народаў Канады.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Эўхарыстыя адбылася 28 ліпеня 2022 года ў нацыянальным канадскім санктуарыі святой Ганны ў Сэнт-Ан-дэ-Бапрэ каля Квебеку. У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскую гісторыю пра вучняў, якія вярталіся ў Эмаус, падкрэсліваючы, што іх падарожжа – “гэта вобраз нашага асабістага шляху і шляху Касцёла”, шляху ад “няўдачы да надзеі”. Ён нагадаў, што вучні з энтузіязмам ішлі за Хрыстом, але пасля Яго скандальнай смерці вырашылі вярнуцца да жыцця, якое мелі раней. Іх чаканні, мары і надзеі не спраўдзіліся, пакінуўшы месца расчараванню і горычы.

“Гэта досвед, які датычыць таксама нашага жыцця і духоўнага шляху”, - заўважыў Папа, дадаючы, што і мы часта сустракаемся са слабасцямі і падзеннямі, перажываем няўдачы і расчараванні. Такі самы досвед перажывае Касцёл у Канадзе, які стаў на шлях аздараўлення і прымірэння пасля скандалу зла ў “параненым целе братоў і сясцёр з карэнных народаў”, і які задаецца пытаннем: “Як і чаму гэта магло здарыцца?”. У такой сітуацыі, паводле Францішка, нельга паддавацца спакусе ўцякання, пошуку “ціхага месца”, каб забыць пра тое, што здарылася. 

“Перад абліччам жыццёвых няўдач няма нічога горшага, чым уцякаць ад іх. Гэта спакуса ворага, якая пагражае нашаму духоўнаму шляху і шляху Касцёла: злы хоча, каб мы паверылі ў непазбежнасць няўдачы, жадае паралізаваць нас у горычы і смутку, упэўніць у тым, што ўжо нічога нельга зрабіць і таму не варта пачынаць усё спачатку”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што менавіта ў такіх сітуацыях нам насустрач выходзіць Езус. Ён хоча адкрыць нашы вочы і зноў запаліць нашы сэрцы. “І калі няўдача саступае месца сустрэчы з Панам, жыццё перараджаецца ў надзею і мы можам прымірыцца: з сабой, з нашымі братамі, з Богам”, - запэўніў Святы Айцец.

Папа заўважыў, што Пан не прапаноўваў вучням з Эмаус агульных слоў падбадзёрвання, але адкрыў таямніцу Сваёй смерці і ўваскрасення ў Святым Пісанні, асвяціў іх гісторыю і перажытыя падзеі, і яны маглі паглядзець на ўсё па-новаму. “Нарэшце, перад вучнямі з Эмаус Езус паламаў хлеб, адкрываючы ім вочы і зноў паказваючы Сябе як Бога любові, Які аддае жыццё за Сваіх сяброў. Такім чынам, Ён дапамагае ім зноў адправіцца ў шлях з радасцю, пачаць усё спачатку, перайсці ад паразы да надзеі”, - сказаў Пантыфік.

Францішак запэўніў канадскіх вернікаў у тым, што Пан хоча зрабіць тое самае з кожным з нас і са сваім Касцёлам, і для гэтага ёсць толькі адзін шлях – Езус. Яго трэба прыняць, дазволіць слову Пана патлумачыць нашу гісторыю, указаць шляхі аздараўлення і прымірэння. “Давайце з верай дзяліцца эўхарыстычным хлебам, каб за гэтым сталом нанава ўбачыць сябе ўмілаванымі дзецьмі Бога, пакліканымі быць братамі”, - заахвоціў Святы Айцец.

Пантыфік зазначыў, што ў цэнтры нашых пытанняў, унутранай барацьбы, пастырскага жыцця не можам знаходзіцца мы самі і нашы няўдачы: там павінен быць Пан Езус, Яго Слова і Эўхарыстыя. “Паяднаныя з Богам, іншымі людзьмі і самімі сабой, можам таксама і мы стаць прыладамі прымірэння і супакою ў грамадстве, у якім жывем”, - запэўніў Папа.
 

28 ліпеня 2022, 18:55