Пошук

Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце Папа падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце 

Пантыфік: не думаю, што змагу падарожнічаць у такім жа рытме

Каланізацыя карэнных народаў, будучыя падарожжы, “сінадальны шлях” у Германіі – некаторыя тэмы, якія Папа пракаментаваў падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта, калі вяртаўся з Канады ў Ватыкан.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Гаворачы пра галоўную тэму свайго падарожжа ў Канаду – шлях аздараўлення і прымірэння з карэннымі народамі, Францішак заўважыў, што ўсякай каланізацыі ўласціва лічыць ніжэйшай культуру, якая не ўпісваецца ў твае схемы. Менавіта так адбылося на амерыканскім кантыненце, калі туды прыбылі еўрапейцы, і гэта іх вялікая правіна.

Пантыфік нагадаў, што “некаторыя шалёныя” тагачасныя тэолагі нават задаваліся пытаннямі пра тое, ці маюць індзейцы душу, хоць, адначасова, былі і супрацьлеглыя галасы, але яны складалі меншасць. “Усведамленне чалавечай роўнасці прыйшло павольна”, - патлумачыў Папа, адзначаючы, што цяпер важна выпраўляць памылкі.

Адзін з журналістаў спытаў Францішка, чаму падчас падарожжа ён не выкарыстоўваў слова “генацыд”, якое ў адносінах да таго, што здарылася ў школах інтэрнатах, ужывае канадская Камісія па пытаннях праўды і прымірэння. Папа сказаў, што не выкарыстоўваў гэта слова, бо яно “не прыйшло яму на думку”, але дадаў, што ўсё апісанае ім у прамовах, з’яўляецца генацыдам.

Мексіканская журналістка заўважыла, што візіт у Канаду быў цяжкім выпрабаваннем для Святога Айца і спытала яго пра будучыя падарожжы і пра тое, ці не дапамагла б аперацыя на калене вырашыць праблему. “Я не думаю, што змагу падарожнічаць у тым жа рытме, што і раней. Мяркую, што ў маім узросце і з гэтымі абмежаваннямі я павінен перайсці на крыху больш беражлівы рэжым, каб мець магчымасць служыць Касцёлу. Тады, наадварот, я змагу падумаць пра магчымасць адысці ў бок, і гэта – з усёй шчырасцю – не катастрофа: Папу можна змяніць, ніякіх праблем. Але я лічу, што мне давядзецца крыху абмежаваць сябе ў дзейнасці. Аперацыя на калене ў маім выпадку – не выйсце. Спецыялісты кажуць, што так, але ёсць цэлая праблема з анестэзіяй: дзесяць месяцаў таму я быў пад наркозам больш шасці гадзін, і дагэтуль засталіся наступствы. Я пастараюся працягнуць падарожжы і быць бліжэй да людзей, бо веру, што блізкасць – гэта спосаб служэння. Але больш за гэта мне няма чаго сказаць, будзем спадзявацца”, - сказаў Папа.

Пантыфік распавёў пра свае бліжэйшыя планы, заўважаючы, што хацеў бы наведаць Украіну. “Цяпер паглядзім, што адбудзецца, калі я вярнуся дамоў”, - сказаў ён. Папа прызнаўся, што на дадзены момант хацеў бы паехаць на кангрэс рэлігій у Казахстан, бо гэта “спакойная паездка, без асаблівых перасоўванняў”. Ён таксама выказаў намер усё ж наведаць Дэмакратычную Рэспубліку Конга, а таксама Паўднёвы Судан разам з Архіепіскапам Кентэрберыйскім і Мадэратарам Царквы Шатландыі. “Але гэта будзе ў наступным годзе, бо зараз сезон дажджоў, паглядзім... Я адкрыты, але давайце пачакаем, што скажа нага”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак адказаў таксама на пытанне журналіста пра тое, чаму ватыканскім дакумент адносна “сінадальнага шляху” У Германіі быў абнародаваны без якога-кольвечы подпісу. Папа патлумачыў, што гэта была заява Дзяржаўнага сакратарыяту, а подпіс на дакуменце адсутнічаў праз “тэхнічную памылку”. Пантыфік нагадаў, што два гады таму асабіста, без кансультацый з Рымскай курыяй, выказаўся на гэту тэму ў пасланні да нямецкіх католікаў. “Я зрабіў гэта як пастыр для Касцёла, які шукае шлях, як брат, як бацька і як вернік”, - дадаў Пантыфік.
 

30 ліпеня 2022, 14:19