Пошук

Папа Францішак. Кадр з інтэрв'ю мексіканскаму тэлебачанню Папа Францішак. Кадр з інтэрв'ю мексіканскаму тэлебачанню 

Святы Айцец: калі б я зрокся, застаўся б у Рыме як біскуп-эмерыт

Папа даў інтэрв’ю мексіканскай тэлевізійнай сетцы TelevisaUnivision, у якім падзяліўся думкамі пра стан свайго здароўя, магчымасць адстаўкі і іншыя актуальныя тэмы, у тымі ліку пра вайну ва Украіне.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Урывак размовы Францішка з журналісткамі Марыяй Колінс і Валянцінай Аласракі, быў змешчаны на канале Univision Noticias у Youtube.

Адказваючы на пытанне пра стан свайго здароўя, у прыватнасці каленнага сустава, Пантыфік адзначыў, што хоць яму крыху баліць і ён адчувае сябе “абмежаваным”, але ўжо папраўляецца. Ён прызнаўся, што “не меў сіл” для падарожжа ў Афрыку, якое было запланавана на пачатак ліпеня, але “цяпер, праз дваццаць дзён, ёсць прагрэс” у лячэнні.

Францішак у чарговы раз запэўніў, што на цяперашні момант не мае “ніякага намеру адракацца” ад служэння на пасадзе Святога Пятра і не адчувае, што Пан яго просіць аб гэтым. У той жа час ён нагадаў пра “вялікі прыклад, дадзены Бэнэдыктам XVI”, адзначаючы, што ён і яму дапаможа “прыняць рашэнне”, калі гэта будзе неабходным.

Адказваючы на пытанне пра магчымасць увядзення адпаведных норм, якія б датычылі пасады Папы-эмерыта, Францішак адзначыў, што “сама гісторыя дапаможа ўрэгуляваць” гэта пытанне “найлепшым чынам”. Паводле яго слоў, “першы досвед атрымаўся вельмі добрым”, бо Бэнэдыкт XVI “святы і тактоўны” чалавек, але ў будычыні, магчыма, “варта было б лепш акрэсліць рэчы, лепш праясніць”.

Папа заўважыў, што ў выпадку магчымага адрачэння ад пятровага служэння ён не паедзе ў Аргентыну. “Я – Біскуп Рыма, таму ў такім выпадку стану Біскупам Рыма на пенсіі”, - сцвердзіў ён. На пытанне пра тое, ці пасля адрачэння ён мог бы пасяліцца, напрыклад, пры базыліцы святога Яна на Латэране, старажытнай сядзібе Біскупа Рыма, Францішак адказаў “магчыма”.

Пантыфік нагадаў, што перад канклавам ён ужо рыхтаваўся да сыходу з пасады пастыра архідыяцэзіі Буэнас-Айрэса і да жыцця арцыбіскупа-эмерыта. Ён прызнаўся, што хацеў бы заставацца пастырам: спавядаць вернікаў і адведваць хворых. “Служыць людзям там, дзе гэта магчыма – пра гэта я думаў у Буэнас-Айрэсе”, - сказаў ён, дадаючы, што з радасцю ажыццявіў бы гэтую задуму ў Рыме, калі б дайшло да яго адстаўкі.

Дзелячыся думкамі пра вайну ва Украіне, Святы Айцец падкрэсліў, што для яго ў першую чаргу важна казаць пра “краіну, якая падвергнулася нападу, а не пра агрэсараў”. Ён паўтарыў намер сустрэцца з Патрыярхам Маскоўскім у верасні, падчас міжрэлігійнага форума ў Казахстане.

Узгадваючы пра трагедыю краін, ахопленых вайной, такіх як Емен ці Сірыю, ён чарговы раз паўтарыў сваю думку пра тое, што зараз мы перажываем “фрагментарную трэцюю сусветную вайну”, а таксама пра тое, што не толькі выкарыстанне, але і валоданне ядзернай зброяй – гэта “амаральна”.

Папа пацвердзіў сваё асуджэнне аборту, падкрэсліваючы, што абсталютна непрымальна знішчаць чалавечае жыццё. На пытанне пра адносіны да адмены права на аборт у ЗША, Францішак адказаў, што пастыры павінны клапаціцца пра душпастырскае вымярэнне, бо інакш узнікае праблема палітычнага характару. Закранаючы сітуацыю палітыкаў каталіцкага веравызнання, якія падтрымліваюць аборты, Папа сказаў, што пакідае гэта іх сумленню, заўважаючы, што яны павінны паразмаўляць “са сваім біскупам, пастырам, пробашчам адносна гэтай непаслядоўнасці”.
 

13 ліпеня 2022, 09:12