Пошук

Папа падчас сустрэчы з канадскім істэблішментам Папа падчас сустрэчы з канадскім істэблішментам 

Пантыфік да ўладаў Канады: каланізацыя стала ідэалагічнай

Ідэалагічная каланізацыя супярэчыць рэальнасці людскога жыцця, заглушае натуральную прывязанасць народаў да каштоўнасцей, імкнецца выкараніць традыцыі, гісторыю і рэлігійныя сувязі, - падкрэсліў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік распачаў свой візіт у Квебек сустрэчай з канадскім істэблішментам. 27 ліпеня 2022 года ён наведаў Квебекскую крэпасць, дзе пасля перамоў з Генерал-губернатарам Канады Мэры Сайман і Прэм’ер-міністрам Джасцінам Трудо, звярнуўся да прадстаўнікоў кіруючага класу, грамадзянскай супольнасці, карэнных народаў і дыпламатычнага корпуса.

Францішак выказаў захапленне славутымі канадскімі кляновымі лясамі. Ён заўважыў, што кляновы ліст, які першапачаткова быў гербам Квебеку, стаў сімвалам усёй краіны. “Калі гэта адбылося адносна нядаўна, клёны, тым не менш, захоўваюць памяць пра многія пакаленні, якія жылі тут задоўга да прыбыцця каланізатараў на канадскую зямлю”, - дадаў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў, што карэнныя народы Канады рабілі з кляновага соку пажыўны сіроп, таму клён нагадвае пра працавітасць мясцовых індзейцаў, іх увагу да зямлі і навакольнага асяроддзя. Карэнныя народы могуць многаму навучыць сваім уменнем слухаць Бога, людзей і прыроду, здольнасцю сузіраць, - зазначыў Папа.

“Вялікія кляновыя лісты, якія паглынаюць забруджанае паветра і аддаюць нам кісларод, запрашаюць нас захапляцца прыгажосцю стварэння і прываблівацца здаровымі каштоўнасцямі, прысутнымі ў індзейскіх культурах: яны з’яўляюцца натхненнем для ўсіх нас і могуць паспрыяць аздараўленню ад згубнай звычкі выкарыстоўваць – выкарыстоўваць не толькі стварэнне, але таксама адносіны і час, кіраваць чалавечай дзейнасцю выключна на падставе карысці і прыбытку”, - сказаў Папа.

Пантыфік узгадаў пра палітыку асіміляцыі, якая праводзілася ў Канадзе, і зноў папрасіў прабачэння за зло, учыненае многімі хрысціянамі супраць карэнных народаў. “Трагічна, калі вернікі, як здарылася ў той гістарычны перыяд, раўняюцца на выгоды свету, а не на Евангелле. Калі хрысціянская вера выканала важную ролю ў фармаванні самых высокіх ідэалаў Канады, пазначаных жаданнем будаваць лепшую краіну для ўсяго свайго народу, тады неабходна, прызнаючы свае памылкі, імкнуцца разам рэалізоўваць тое, што, як я ведаю, падзяляеце ўсе вы: прасоўваць законныя правы карэннага насельніцтва і спрыяць працэсам аздараўлення і прымірэння паміж імі і з не індзейцамі краіны”, - сказаў Францішак, запэўніваючы ў жаданні Святога Пасаду і мясцовых каталіцкіх супольнасцей падтрымліваць культуры карэнных народаў.

Гаворачы пра “каланізатарскі менталітэт”, які прывёў да цяжкіх наступстваў для карэннага народа, Папа заўважыў, што “каланізацыя не спыняецца, а ў некаторых рэгіёнах яна ператвараецца, маскіруецца і хаваецца”. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра “ідэалагічную каланізацыю”, якая “супярэчыць рэальнасці людскога жыцця, заглушае натуральную прывязанасць народаў да каштоўнасцей, імкнецца выкараніць традыцыі, гісторыю і рэлігійныя сувязі”.

“Такім чынам укараняецца культурная мода, якая прыводзіць да аднастайнасці, робіць усё аднолькавым, не церпіць адметнасцей і канцэнтруецца толькі на цяперашнім моманце, на патрэбах і правах індывідаў, часта пагарджаючы абавязкам у адносінах да самых слабых і ўразлівых: бедных, мігрантаў, пажылых, хворых, яшчэ ненароджаных. Яны – забытыя грамадствам дабрабыту; гэта іх, пры ўсеагульным раўнадушшы, выкідваюць як сухое лісце, што ідзе на спаленне”, - падкрэсліў Пантыфік,

“Шматкаляровыя кляновыя дрэвы, аднак, нагадваюць нам пра важнасць быцця разам, будавання чалавечых грамадстваў не аднастайных, а па-сапраўднаму адкрытых і інклюзіўных. І як кожны ліст з’яўляецца фундаментальным для ўзбагачэння галіны, так кожная сям’я, важная ячэйка грамадства, павінна цаніцца, бо “будучыня чалавецтва праходзіць праз сям’ю”, - заўважыў Святы Айцец.

Францішак нагадаў, што падчас вайны салдаты выкарыстоўвалі кляновыя лісты для лячэння ран. “Сёння, перад абліччам вар’яцтва вайны, мы зноў патрабуем таго, каб суцішыць боль, выкліканы рознымі формамі экстрэмізму супрацьстаяння, і лячыць раны нянавісці”, - сказаў Папа, а затым працытаваў словы сведкі Халакоста Эдзіт Брук: “У міра ёсць свая таямніца: ніколі нельга адчуваць нянавісць да нікога. Калі хочам жыць, ніколі не павінны ненавідзець”.

“Не трэба дзяліць свет на сяброў і ворагаў, аддаляцца і ўзбройвацца да зубоў: не гонка ўзбраенняў і не стратэгіі стрымлівання прынясуць мір і бяспеку. Не трэба задавацца пытаннем пра тое, як далей весці вайну, але – як спыніць яе. Неабходна перашкодзіць народам зноў трапіць у пастку жудасных халодных войн пашыранага маштабу. Патрэбна крэатыўная і дальнабачная палітыка, якая здолее выйсці з схем частковых інтарэсаў, каб адказаць на глабальныя выклікі”, - сказаў ён.

Святы Айцец заахвоціў да супольных дзеянняў дзеля будучых пакаленняў і выказаў падзяку канадцам за прыняцце бежанцаў, асабліва з Украіны і Афганістана. У той жа час ён заклікаў працягваць імкнуцца пераадолець рыторыку страху перад мігрантамі, змагацца з індывідуалістычным мысленнем, а таксама будаваць краіну, у якой дабрабыт распаўсюджваецца на ўсе часткі грамадства.
 

28 ліпеня 2022, 09:13