Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра святло і цені выкарыстання лічбавых медыя

Лічбавыя СМІ аказаліся вельмі карыснымі ў прасоўванні адзінства і дыялога ў нашай чалавечай сям’і, аднак, карыстацца імі трэба заўсёды з крытычным пачуццём, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Сусветнага кангрэсу SIGNIS – міжнароднага каталіцкага аб’яднання работнікаў сферы камунікацыі. Форум пройдзе 15-18 жніўня 2022 года ў Сеуле, сталіцы Паўднёвай Карэі – на зямлі, чыя гісторыя евангелізацыі, па словах Святога Айца, “дэманструе моц друкаванага слова і важную ролю свецкіх у распаўсюджванні Евангелля”.

Францішак пажадаў удзельнікам кангрэса, каб гісторыя святога Андрэя Кіма і яго паплечнікаў, якая мела месца 200 гадоў таму, умацавала іх ў намаганнях на карысць “распаўсюджвання Евангелля Езуса Хрыста на мове сучасных сродкаў камунікацыі”.

Папа звярнуў увагу на актуальнасць тэмы форума – “Мір у лічбавым свеце” –  “у гэтыя дні, пазначаныя новымі ачагамі насілля і агрэсіі” на планеце. “Рэвалюцыя лічбавых медыя ў апошнія дзесяцігоддзі аказалася магутным сродкам прасоўвання адзінства і дыялога ў нашай чалавечай сям’і. Насамрэч, на працягу некалькіх месяцаў лакдаўна ў сувязі з пандэміяй, мы выразна ўбачылі, што лічбавыя медыя могуць аб’ядноўваць нас, не толькі распаўсюджваючы важную інфармацыю, але таксама запаўняючы адзіноту ізаляцыі, і ў многіх выпадках, яднаючы цэлыя сем’і і касцёльныя супольнасці ў малітве і набажэнствах”, - нагадаў Францішак.

Пантыфік папярэдзіў, што “выкарыстанне лічбавых сродкаў масавай камунікацыі, у прыватнасці сацыяльных сетак”, выклікала таксама шэраг “сур’ёзных этычных пытанняў”, якія патрабуюць “мудрага і праніклівага суджэння з боку тых, хто перадае інфармацыю, і ўсіх, хто клапоціцца пра сапраўднасць і якасць чалавечых адносін”. Насамрэч, часам “сайты СМІ становяцца месцамі таксічнасці, мовы нянавісці і фэйкавых навін”, - заўважыў Папа, заклікаючы адказаць на гэты выклік з дапамогай “навучання карыстанню сродкамі камунікацыі, сетак каталіцкіх СМІ і супрацьдзеяння падману і дэзынфармацыі”.

Святы Айцец выказаў поўную падтрымку членам SIGNIS у выкананні гэтага задання. Ён заахвоціў адрасатаў свайго паслання мець асаблівую ўвагу “да неабходнасці дапамагаць людзям, асабліва моладзі, у развіцці здаровага крытычнага пачуцця, навучаючы адрозніваць праўду ад ілжы, правільнае ад памылковага, дабро ад зла, і цаніць важнасць працы на карысць справядлівасці, сацыяльнай згоды і павагі да нашага супольнага дома”.

Папа таксама звярнуў увагу на “шматлікія супольнасці нашага свету, якія застаюцца выключанымі з лічбавай прасторы”: таксама дзеля іх варта закасаць рукавы, “чынячы лічбавую інклюзіўнасць прыярытэтам”. Такім чынам можна зрабіць “значны ўклад у распаўсюджванне культуры міру, заснаванай на праўдзе Евангелля”, - дадаў ён.

На завяршэнне дакумента Францішак нагадаў пра сваё пасланне на Сусветны дзень масавай камунікацыі 2022 года, у якім засяродзіўся на слуханні, як на “першым і неабходным складніку дыялогу і добрай камунікацыі”. Слухаць трэба “вухам сэрца”, - падкрэсліў Святы Айцец, дадаючы, што да гэтага асаблівым чынам пакліканы католікі ў сферы камунікацыі. “Камунікацыя – гэта не проста прафесія, але служэнне дыялогу і паразуменню паміж людзьмі і больш шырокімі супольнасцямі ў пошуку спакойнага і мірнага суіснавання”, - дадаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што слухаць таксама важна для сінадальнага шляху, які Касцёл распачаў у апошнія гады. Неабходна “слухаць адзін аднаго” і “ўзрастаць ва ўсведамленні ўдзелу ў адзінстве, якое папярэднічае нам і ўключае нас”, - напісаў Святы Айцец, адзначаючы, што такім чынам будзе магчыма “стварыць усё больш “сугучны” Касцёл, у якім адзінства выяўляецца ў гарманічнай і сакральнай паліфаніі”.
 

18 ліпеня 2022, 10:57