Пошук

Папа каля возера святой Ганны ў Канадзе Папа каля возера святой Ганны ў Канадзе 

Папа ля возера святой Ганны: карэнныя народы патрэбныя Касцёлу

Езус прыйшоў і працягвае прыходзіць, каб паклапаціцца пра нас, суцешыць і аздаравіць нашу самотную, знямоглую чалавечую прыроду, бо ўсе мы патрабуем аздараўлення, - нагадаў Папа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

26 ліпеня 2022 года Францішак прыняў удзел у пілігрымцы да санктуарыя Лак-Стэ-Ан – возера святой Ганны, размечанага ў 72 кіламентах ад Эдмантана. Да гэтага месца, дзе канадскія вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць бабулю Езуса і маці Панны Марыі, з ХІХ стагоддзя штогадова прыбываюць шматлікія пілігрымы, каб з малітвай акунуцца ў яго гаючыя воды.

Святы Айцец праехаў на інваліднай калясцы ўздоўж сектара, дзе яго чакалі вернікі, да берага возера. Яго суправаджалі між іншых прадстаўнікі карэнных народаў. Папа прамовіў малітву над возерам, благаславіў таксама чатыры “кардынальныя пункты”, важныя для культуры канадскіх абарыгенаў, і акрапіў сабраных пасвячанай вадой.

Пасля прыватнай малітвы на беразе Францішак, пад гукі традыцыйных бубнаў і спеваў, скіраваўся да палявога алтара, каб узначаліць Літургію слова і прамовіць гамілію. Ён прывітаў сабраных на мове мясцовых індзейцаў, падкрэсліваючы прыгажосць гэтага месца, якое вучыць, што неабходнай умовай чалавечага развіцця з’яўляецца адаптаванне рытмаў жыцця да рытмаў стварэння.

Папа заўважыў, што сузіранне возера Святой Ганны дапамагае вярнуцца да вытокаў нашай веры, у думках здзяйсняючы пілігрымку да Галілейскага возера, дзе Езус паклікаў апосталаў, абвясціў евангельскія благаслаўленні, распавядаў прыпавесці, чыніў знакі і аздараўленні.

У гэтым сэрцы “Галілеі народаў” сустракаліся людзі рознага паходжання і традыцый. Гэта шматграннае месца было вельмі далёкімі ад “рэлігійнай чысціні” Ерузалемскай святыні, але менавіта яго Бог выбраў для абвяшчэння рэвалюцыі “без загінулых і параненых, рэвалюцыі любові”, заклікаючы падстаўляць другую шчаку, любіць ворагаў, жыць па-братэрску, - падкрэсліў Пантыфік.

“Езус прыйшоў і працягвае прыходзіць, каб паклапаціцца пра нас, каб суцешыць і аздаравіць нашу самотную, знямоглую чалавечую прыроду”, бо ўсе мы патрабуем аздараўлення, - запэўніў Святы Айцец, у малітве заносячы да Пана пакуты, беднасць, цяжкасці і траўмы ад насілля, спазнаныя карэннымі народамі, а таксама гісторыі страшэнных наступстваў каланізацыі і непазбыўны боль шматлікіх сем’яў, бабуль, дзядуль і дзяцей.

“Дапамажы аздаравіць нашы раны”, - маліўся Папа, дадаючы, што ўсе вернікі як Касцёл маюць патрэбу ў аздараўленні ад спакусы замкнёнасці ў сабе, абароны інстытутаў замест пошуку праўды, аддання перавагі зямной уладзе перад евангельскім служэннем.

Францішак зазначыў, што воды святога возера ўвасабляюць перадачу жыцця. У сувязі з гэтым ён узгадаў пра маці і бабуль, якія дапамагаюць аздараўленню сардэчных ран. Такой Маці для карэнных народаў стала Маці Божая Гвадэлупская, якая перадавала веру на іх мове, апраналася ў іх адзенне, без якога-кольвечы прымусу. 

Святы Айцец заклікаў задацца пытаннем: што мы робім для карэнных народаў, як адказваем на іх боль і іх гісторыю? Часта менавіта бескарыслівая ўвага да іншых вызваляе ад унутраных цяжкасцей: “У нашай самотнасці, у нашых пакутах Езус заахвочвае выходзіць, аддаваць і любіць”, - падкрэсліў Францішак.

Пантыфік нагадаў, што аздараўленне Касцёла павінна пачынацца з яго выйсця да бедных і маргіналізаваных. У сувязі з гэтым ён запэўніў карэнныя народы:“Я прыбыў як пілігрым, каб сказаць вам, наколькі вы каштоўныя для мяне і для Касцёла. Я хачу, каб Касцёл быў так моцна злучаны з вамі, як злучаны ніткі каляровых павязак, якія носяць многія з вас. Няхай Пан дапаможа нам ісці наперад у працэсе аздараўлення, да ўсё больш здаровай і абноўленай будучыні”, - сказаў Францішак на заканчэнне сваёй гаміліі.

ВІДЭА | Візіт у санктуарый Лак-Стэ-Ан
27 ліпеня 2022, 08:35