Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: колькі бедных параджае бессэнсоўнасць вайны!

“Езус Хрыстус стаў бедным дзеля вас” (пар. 2 Кар 8,9) – тэма паслання папы Францішка на VI Сусветны дзень бедных, які будзе адзначацца ў Каталіцкі Касцёле 13 верасня 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Сусветны дзень бедных з’яўляецца “здаровай правакацыяй” для таго, каб задумацца пра наш лад жыцця перад абліччам шматлікіх праяў беднасці, - заўважыў Папа. Ён нагадаў, што пасля пандэміі, калі здавалася, што, нарэшце, адкрыўся “пробліск спакою”, на гарызонце з’явілася новая бяда.

“Вайна ва Украіне дадалася да рэгіянальных войн, якія цягам апошніх гадоў сеюць смерць і разбурэнні. Але тут карціна з’яўляецца больш складанай з-за прамога ўмяшальніцтва “звышдзяржавы”, якая мае намер навязаць сваю волю насуперак прынцыпу самавызначэння народаў. Зноў усплываюць з памяці трагічныя сцэны, а ўзаемны шантаж некаторых магутных гэтага свету заглушае голас чалавецтва, якое заклікае да міру”, - напісаў ён.

“Колькі бедных параджае бессэнсоўнасць вайны!”, - зазначыў Пантыфік, нагадваючы пра гвалт супраць безабаронных і дэпартацыі “тысяч людзей, у першую чаргу дзяцей, каб пазбавіць іх каранёў і навязаць ім іншую тоеснасць”.

“Мільёны жанчын, дзяцей і старых вымушаны кідаць выклік бомбам, што пагражаюць ім, каб уратавацца, і шукаць прытулку ў суседніх краінах. А колькі іх застаецца з зонах канфлікту, кожны дзень жывучы ў страху, без ежы, вады, медыцынскай дапамогі і перш за ўсё – без сваіх блізкіх”, - дадаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што ад вайны “церпяць многія простыя людзі, якія далучаюцца да і без таго вялікай колькасці бедных”. Ён нагадаў, што ў апошнія гады многія краіны адкрылі свае дзверы для прыняцця мільёнаў ваенных бежанцаў з Блізкага Усходу, Афрыкі, а цяпер з Украіны.

“Чым даўжэй працягваецца канфлікт, тым больш пагаршаюцца яго наступствы. Народам, якія прымаюць, становіцца ўсё цяжэй і цяжэй працягваць аказваць дапамогу; сем’і і супольнасці пачынаюць адчуваць цяжар сітуацыі, якая выходзіць за межы надзвычайнай. Гэта і ёсць той момант, калі нельга адступаць і трэба аднавіць першапачатковую матывацыю: тое, што мы пачалі, трэба давесці да канца з той жа самай адказнасцю”, - заклікаў Пантыфік.

Папа заклікаў да салідарнасці, якая азначае “дзяліцца тым малым, што маем, з тымі, хто не мае нічога, каб ніхто не пакутаваў”. Ён нагадаў пра краіны, дзе ў апошнія дзесяцігоддзі адбыўся значны рост дабрабыту сем’яў і быў дасягнуты стабільны ўзровень жыцця. Гаворка ідзе пра “добрыя плёны прыватнай ініцыятывы, у спалучэнне з канкрэтнай падтрымкай сямейнай палітыкі і сацыяльнай адказнасці”.

У той жа Францішак заахвоціў хрысціян заўсёды “знаходзіць у любові, веры і надзеі фундамент нашага быцця і нашага дзеяння”. “Перад абліччам бедных не патрэбна “рыторыка”, трэба закасаць рукавы і спаўняць на практыцы нашу веру праз непасрэдны ўдзел, які нельга дэлегаваць іншым”, - дадаў ён.

Папа заўважыў, што нярэдка можна сустрэць хрысціян, абыякавых да бедных: яны празмерна прывязаны да грошай і злоўжываюць дабротамі і маёмасцю. “Гэта сітуацыі, якія выяўляюць слабую веру і млявую, недальнабачную надзею”, - напісаў Пантыфік, дадаючы, што гаворка не ідзе пра праблему грошай саміх па сабе, бо яны з’яўляюцца часткай паўсядзённага жыцця і сацыяльных адносін, але пра каштоўнасць, якую яны маюць для нас.

Францішак звярнуў увагу на парадокс: існуе “беднасць, якая нас узбагачае”. “Сапраўднае багацце не заключаецца ў збіранні “скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа знішчаюць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць” (Мц 6,19), але ва ўзаемнай любові, якая заахвочвае насіць цяжары адзін аднаго, каб ніхто не быў пакінуты ці адчужаны... Пасланне Езуса паказвае нам шлях, каб мы зразумелі: існуе беднасць, якая прыніжае і забівае, а ёсць іншая беднасць – Яго беднасць, якая вызваляе і дае спакой”, - напісаў Францішак.

Пантыфік патлумачыў, што ў першым выпадку гаворка ідзе пра беднасць, як плён несправядлівасці, эксплуатацыі, насілля і няроўнасці ў размеркаванні рэсурсаў. Яна вядзе да роспачы, пазбаўляе будучыні, навязвае безвыходную і бесперспектыўную “культуру спісання ва ўтыль”.

У сваю чаргу, беднасць, якая вызваляе – гэта “адказны выбар” на карысць “самага неабходнага”. Пазбаўленыя гэтай свабоды людзі ніколі не задаволены тым, што маюць: такія людзі “павінны быць накіраваны да малых, слабых, бедных”, бо сустрэча з імі дапаможа зразумець, што ў жыцці галоўнае, і чаго ніхто не зможа пазбавіць: сапраўднай, бескарыслівай любові.

Святы Айцец заўважыў: калі жадаем, каб жыццё перамагло смерць, як Езус перамог на крыжы, трэба ісці па Яго шляху, а гэта значыць з любоўю дзяліцца сваім жыццём, раздзяляць хлеб з братамі і сёстрамі, пачынаючы з самых апошніх, з тых, каму не хапае неабходнага, каб “дасягнуць роўнасці, каб бедныя былі вызвалены ад галечы, а багатыя – ад пыхі”.
 

14 чэрвеня 2022, 13:40