Пошук

Аўдыенцыя для ўдзельнікаў сустрэчы, прысвечанай барацьбе з мафіяй Аўдыенцыя для ўдзельнікаў сустрэчы, прысвечанай барацьбе з мафіяй 

Францішак: мафія перамагае, калі страх авалодвае жыццём

Першымі ахвярамі арганізаванай злачыннасці з’яўляюцца самыя бедныя, - заўважыў Пантыфік, адзначаючы таксама важнасць будавання культуры паслухмянасці да закона.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

23 чэрвеня 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай Папскай міжнароднай марыйнай акадэміяй з нагоды 30-годдзя італьянскага Следчага ўпраўлення па барацьбе з мафіяй (Direzione Investigativa Antimafia).

Папа адзначыў важнасць далікатнай і рызыкоўнай працы, якая вядзецца ў сферы барацьбы з мафіяй, а таксама звярнуў увагу на сітуацыі, калі яе дзейнасці патуралі ці закрывалі на яе вочы. Без адчування “здаровага сораму” за гэта “перамены немагчымыя, а ўзаемнае супрацоўніцтва дзеля супольнага дабра застанецца прывідам”, - дадаў ён.

“Мафія перамагае, калі страх авалодвае жыццём. Яна авалодвае розумам і сэрцам, пазбаўляючы людзей годнасці і свабоды знутры”, сказаў Пантыфік, заклікаючы сваіх гасцей “рабіць усё магчымае, каб страх не ўзяў верх”. “Заахвочваю вас працягваць гэты шлях: будзьце моцнымі і нясіце надзею, асабліва сярод самых слабых”, - дадаў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што менавіта самыя слабыя становяцца ахвярамі недахопу бяспекі і законнасці. На іх трымаецца эканоміка арганізаванай злачыннасці, якая выкарыстоўвае такіх людзей, каб забруджваць грамадскае жыццё і навакольнае асяроддзе. “Таму заклікаю вас быць блізкіх да ўсіх гэтых людзей, ахвяр самавольства, спрабуючы прадухіляць ці змагамацца са злачынствамі”, - сказаў Пантыфік.

Папа заклікаў таксама “аказваць супраціў культурнаму мафіёзнаму каланіялізму, праз даследаванні, вывучэнне і фармацыйную дзейнасць”. “Грамадзянскі, сацыяльны і экалагічны прагрэс адбываецца не дзякуючы карупцыі і прывілеям, але справядлівасці, свабодзе, сумленнасці і салідарнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

23 чэрвеня 2022, 13:27