Пошук

Падчас сустрэчы Францішка з прадстаўнікамі Неакатэхуменальнага шляху Падчас сустрэчы Францішка з прадстаўнікамі Неакатэхуменальнага шляху  

Францішак да неакатэхуменату: ўсё ў Касцёле і нічога па-за ім

Прашу вас аб паслухмянасці Духу Святому і паслухмянасці Езусу Хрысту ў Яго Касцёле. Заўсёды ідзіце разам з біскупам, ён – галава Касцёла, - звярнуўся Папа 27 чэрвеня 2022 года падчас сустрэчы з неакатэхуменатам.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прадстаўнікі Неакатэхуменальнага шляху сабраліся ў Рыме, каб выправіць на місіі ў 50 краін свету, на ўсіх кантынентах, дзясяткі сем’яў з сваіх шэрагаў. “Хрыстус уваскрос, і таму гэтыя сем’і і іх дзеці пакідаюць свой дом, родных, сяброў і сваю Радзіму, каб евангелізаваць. Хрыстус даў ім удзел у сваёй перамозе над грахом і смерцю, і таму яны цяпер могуць ахвяраваць сваё жыццё іншым”, - сказаў ініцыятар Шляху Кіка Аргуэла, звяртаючыся да Францішка.

Асаблівым чынам ён згадаў сем’і, якія знаходзіліся на місіі ва Украіне. “У пачатку вайны яны з вялікім болем павінны былі пакінуць гэтую краіну. Але яны хочуць туды вярнуцца, хочуць гэтага цуду Божай ласкі”.

Звяртаючыся да сем’яў, якія едуць на місіі, Святы Айцец нагадаў пра місійны запавет Езуса: ісці, прапаведаваць і хрысціць. І вучні пайшлі на місію з моцай, якую даў ім Збаўца, з сілай Духа Святога, - падкрэсліў Францішак. Ён таксама нагадаў пра гісторыю евангелізацыі, пра тое, што Касцёлы, якія нарадзіліся з гэтай евангелізацыі, развіваюцца свабодна, па-свойму, у адпаведнасці са сваёй культурай.

“Яны ўсе аднолькавыя, калі справа даходзіць да веры: я веру ў Бога Айца, Сына і Духа Святога. (...) Але кожны паводле сваёй культуры або паводле культуры месца, дзе абвяшчаецца вера. І менавіта гэта праца, гэта шматкультурнае багацце Евангелля, якое нараджаецца з абвяшчэння Езуса Хрыста, становіцца культурай. Вось гісторыя Касцёла. Шмат культур, але тое ж Евангелле. Столькі народаў, але той жа Езус Хрыстус. Столькі людзей добрай волі, але той жа Дух. І вось што мы пакліканы рабіць: ісці наперад з сілай Духа, несучы Евангелле ў нашых сэрцах і ў руках. Евангелле Езуса Хрыста, а не маё. Евангелле Езуса Хрыста адаптуецца да розных культур, але яно адно і тое ж”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак нагадаў прадстаўнікам Неакатэхуменальнага шляху пра неабходнасць паслухмянасці Духу Святому і Езусу Хрысту ў Яго Касцёле. “Усё ў Касцёле і нічога па-за Касцёлам. Гэтая духоўнасць павінна заўсёды суправаджаць нас: абвяшчаць Езуса Хрыста з моцай Духа ў Касцёле і разам з Касцёлам. А кіраўніком - скажам так - розных Касцёлаў з'яўляецца біскуп. Заўсёды ідзіце наперад разам з біскупам, заўсёды. Ён – галава Касцёла ў гэтай краіне, краіне Мужнасці!” – звярнуў увагу Святы Айцец.
 

28 чэрвеня 2022, 10:43