Пошук

Благаслаўлёны Джавані Батыста Скалабрыні Благаслаўлёны Джавані Батыста Скалабрыні 

Папа ўхваліў рашэнне пра кананізацыю душпастыра мігрантаў

Францішак прыняў на аўдыенцыі кардынала Марчэла Сэмерара, прэфекта Кангрэгацыі па справах кананізацыі, падчас якой ухваліў дакументы, падрыхтаваныя гэтай ватыканскай дыкастэрыяй.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы паведаміла, што Святы Айцец ухваліў станоўчы вынік галасавання ўдзельнікаў звычайнай сесіі Кангрэгацыі адносна кананізацыі благаслаўлёнага Джавані Батысты Скалабрыні (1839-1905), італьянскага біскупа, заснавальніка Таварыства Місіянераў Святога Карла і Таварыства Сясцёр Місіянерак Святога Карла Барамэа, якія займаюцца душпастырствам мігрантаў. 

Для зацвярджэння гэтага рашэння Папа склікаў кансісторый, падчас якога будзе разгледжана таксама пытанне кананізацыі благаслаўлёнага Артэмідэ Дзаці (1890-1951), італьянскага свецкага верніка з Таварыства святога Францішка Сальскага, які праславіўся як лекар, што служыў бедным у Аргентыне. Дэкрэт аб прызнанні цуда праз яго заступніцтва Францішак ухваліў 9 красавіка 2022 года.

Святы Айцец ухваліў таксама дэкрэт аб прызнанні цуда праз заступніцтва іспанскай дзяўчынкі Марыі Дэла Кансэпс’ён Барэчэгурэн-і-Гарсіі (1905-1927), якая адзначалася хрысціянскімі цнотамі, мужна пераносячы цярпенні, выкліканы туберкулёзам.

Яшчэ сем дэкрэтаў, ухваленых Папам, тычыліся гераічнасці цнот: філіпінскага арцыбіскупа Тэафіла Бастыда Камамота (1914-1988); італьянскага біскупа Луіджы Сода (1811-1895); іспанскага дыяцэзіяльнага святара, ксяндза Хасэ Торэса Падзіла (1811-1978); італьянскага капуцына, айца Джамп’еьтра з Сэста-Сан-Джавані (1868-1913), заснавальніка кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Капуцынак святога Францішка Асізскага у Бразілі; італьянскага францішканіна, айца Альфрэда Марганці (1886-1969); мексіканскай законніцы, сястры Марыяны ад Найсвяцейшай Тройцы, свецкае імя якой Альсоп Гансалес-Манрыке (1854-1933), заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Тройцы; і польскай свецкай верніцы Яніны Вайнароўскай (1923-1979).
 

23 мая 2022, 12:43