Пошук

Падчас сустрэчы з палітычным брацтвам супольнасці Chemin Neuf Падчас сустрэчы з палітычным брацтвам супольнасці Chemin Neuf  

Францішак пра палітычную праграму ў хрысціянскім разуменні

Палітыка – гэта перш за ўсё мастацтва сустрэчы, якая праходзіць у паважлівым дыялогу, - заўважыў Папа, сустракаючыся 16 мая 2022 з палітычным брацтвам супольнасці Chemin Neuf (Новы шлях).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Перад палітыкам-хрысціянінам стаіць яшчэ больш сур’ёзная задача: паколькі Евангелле просіць любіць сваіх ворагаў, ён не можа “задаволіцца павярхоўным і фармальным дыялогам”, палітычную сустрэчу трэба перажыць як братэрскую дыскусію, асабліва з тымі, хто з намі менш згодны, бо “мастацтва сустрэчы пачынаецца з змены погляду на іншага, з безумоўнага прыняцця і павагі да яго асобы”, - адзначыў Францішак.

Ён перасцярог, што калі такая перамена не адбудзецца, палітыка рызыкуе ператварыцца ў жорсткае супрацьстаянне з мэтай дамагчыся перамогі сваіх ідэй у пошуках канкрэтных інтарэсаў, а не агульнага дабра.

З хрысціянскага пункту гледжання палітыка – гэта таксама рэфлексія, фармуляванне агульнага праекту, - дадаў Пантыфік. “Як хрысціяне, мы разумеем, што палітыка, гэта не толькі сустрэча, але і супольнае разважанне дзеля пошуку агульнага дабра, а не проста супрацьстаянне супярэчлівых і часта супрацьлеглых інтарэсаў. (...) І нашым компасам для распрацоўкі такога агульнага праекта з'яўляецца Евангелле, якое нясе свету глыбока пазітыўнае бачанне чалавека, якога любіць Бог”, - звярнуў увагу ён.

Палітыка – гэта таксама дзеянне, - працягнуў Папа. Ён падзякаваў палітычнаму брацтву супольнасці Chemin Neuf не толькі за дыскусіі і абмен, але і за канкрэтныя жэсты. “Як хрысціяне, мы павінны заўсёды параўноўваць нашы ідэі з таўшчынёй рэальнасці, калі мы не хочам будаваць на пяску, што рана ці позна скончыцца зруйнаваннем. Не забывайма, што “рэальнасць важней за ідэю”, - заўважыў ён.

Францішак заахвоціў сваіх гасцей да прыхільнасці на карысць мігрантаў і экалогіі. Ён з захапленнем успрыняў ініцыятыву некаторых чальцоў супольнасці, якія вырашылі жыць разам пасярод рабочага квартала ў Парыжы, каб быць бліжэй да бедных. Пантыфік лічыць гэта “хрысціянскім метадам вядзення палітыкі”.

Сустрэча, рэфлексія, дзеянне – вось палітычная праграма ў хрысціянскім разуменні, - падсумаваў Святы Айцец. Ён нагадаў маладым палітыкам, што магутная і натхняльная ўнутраная сіла фарміруецца праз сумесную малітву да Айца, наследаванне Езуса Хрыста, слуханне Духа Святога і клопат пра агульнае дабро. Менавіта так нараджаецца палітыка як “найвышэйшая форма любові”, як яе назваў папа Пій XI.
 

16 мая 2022, 13:04