Пошук

Падчас сустрэчы з моладдзю французскай дыяцэзіі Вівье Падчас сустрэчы з моладдзю французскай дыяцэзіі Вівье  

Папа да моладзі: жывіце Евангеллем, Эўхарыстыяй і евангелізацыяй

14 мая 2022 года моладзь з французскай дыяцэзіі Вівье наведала Пантыфіка. Яна прыехала ў Ватыкан напярэдадні кананізацыі Шарля дэ Фуко і Мары Рыўе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Паветра, якім вы дыхаеце ў вашай дыяцэзіі, хіба што асабліва здаровае!”, - адзначыў Францішак, узгадаваючы беатыфікаванага нядаўна, у 2019 годзе, айца Габрыэля Лонгвіля, які таксама паходзіў з Вівье. Папа сустракаў гэтага святара ў Аргентыне і мог асабіста пераканацца ў яго выключным прысвячэнні Богу.

“Гэтая пераемнасць благаслаўлёных і будучых святых яскрава сведчыць аб плённасці вашай дыяцэзіі, і я спадзяюся, што вы зможаце захаваць гэтую спадчыну святасці, а таксама дапамагчы ёй расці, рухацца наперад”, - звярнуўся ён.

Пантыфік пажадаў маладым людзям “навучыцца ў Шарля дэ Фуко досведу Бога, які прывёў яго да евангелізацыі прысутнасцю”. Гэта “стрыманая форма евангелізацыі” вельмі патрабавальная, таму што прадугледжвае “сведчанне цэласнага жыцця”, пакліканне “да чагосьці іншага, чым проста мімалётнае задавальненне або неадкладны і бачны вынік”.

Папа заахвоціў сваіх гасцей заснаваць сваё хрысціянскае жыццё на трох ключавых паняццях духоўнасці Шарля дэ Фуко: Евангеллі, Эўхарыстыі і евангелізацыі (Évangile, Eucharistie, Évangélisation). Гэта формула, звярнуў увагу ён, дапаможа “ўвайсці ў евангельскую дынаміку Касцёла”.

“Ад Мары Рыў’е, дачкі вашай зямлі, якая прысвяціла сябе выхаванню дзяцей, з заснаванай ёю Кангрэгацыяй Сясцёр Ахвяравання Марыі, жадаю вам вучыцца адкрываць розум малых на справы Божыя, на ўвагу да іншых і захапленне стварэннем”, - звярнуўся Святы Айцец.

Францішак выказаў спадзяванне, што маладыя французскія католікі пакінуць Рым “з большай любоўю да Касцёла”, з зразуменнем яго ўніверсальнасці і яго шматлікіх абліччаў, “кожнае з якіх звернута да аднаго Збаўцы”.
 

14 мая 2022, 11:30