Пошук

Францішак падчас сустрэчы з рэктарамі трынаццаці дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў Рыма і Лацыё Францішак падчас сустрэчы з рэктарамі трынаццаці дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў Рыма і Лацыё 

Пантыфік: універсітэты могуць дапамагчы ў эпахальных зменах

Францішак сустрэўся 16 мая 2022 года з рэктарамі трынаццаці дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў Рыма і Лацыё. Ён заклікаў да сур'ёзных інвестыцый у адукацыю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа лічыць, што “на ўніверсітэты ў гэты гістарычны момант ускладзена вялікая адказнасць”: “фрагментарная трэцяя сусветная вайна”, глабальныя экалагічныя праблемы, рост няроўнасці кідаюць чалавецтву беспрэцэдэнтныя і тэрміновыя выклікі культурнага, інтэлектуальнага і маральнага характару. Маладыя пакаленні, сутыкаючыся з такім сцэнарыем, рызыкуюць упасці ў атмасферу расчаравання і разгубленасці, страты ўпэўненасці, залежнасцей.

Пантыфік заклікаў да сур'ёзных інвестыцый у адукацыю і падтрымкі Глабальнага адукацыйнага саюза – сумеснага праекту, старт якому даў сам Святы Айцец 15 кастрычніка 2021 года, і ў якім удзельнічаюць шматлікія суб’екты, рэлігіі і міжнародныя інстытуты, навучальныя ўстановы.

“Калі казаць канкрэтна, то гэта гарызонт міру, на які мы сёння справядліва прэтэндуем і за які інтэнсіўна молімся, і, такім чынам, гарызонт сапраўднага і цэласнага развіцця, якое нельга пабудаваць без крытычнага пачуцця, свабоды, здаровай дыскусіі і дыялогу. Тут мы знаходзімся ў аснове самой ідэі ўніверсітэта і той ролі, якую гэта ўстанова не можа не выконваць, па-за бар'ерамі і межамі”, - заўважыў Папа.

Ён дадаў, што “вялікія змены патрабуюць ад нас пераасэнсавання нашых эканамічных, культурных і сацыяльных мадэляў з мэтай аднавіць цэнтральную каштоўнасць чалавечай асобы”. І ў гэтым могуць дапамагчы ўніверсітэты, аб'ядноўваючы лепшыя інтэлектуальныя і маральныя сілы.

“Спадзяюся, што вашы суполкі будуць жывымі, празрыстымі, актыўнымі, ветлівымі, адказнымі, працуючы ў плённым клімаце супрацоўніцтва, абмену і дыялогу, месцам, дзе шануюць усіх і кожнага. Прачытайце і сустрэньце гэтую змену эпохі з роздумам і праніклівасцю, без ідэалагічных забабонаў, без страхаў і ўцёкаў, ці, што яшчэ горш, канфармізму”, - пажадаў Францішак.

Папа нагадаў пра Юбілей 2025 года. Ён разлічвае, што гэты адмысловы час стане магчымасцю “пацвердзіць родныя адносіны паміж Касцёлам і ўніверсітэцкімі ўстановамі, што было адным з найстарэйшых і найбольш парадыгматычных элементаў у еўрапейскай цывілізацыі, а затым і ў сусветнай”. Францішак перакананы, што “гэтыя старажытныя і кансалідаваныя адносіны, у адрозненні і супрацоўніцтве, трэба развіваць і рэалізоўваць у адказным і ўстойлівым стварэнні шляхоў развіцця”.
 

16 мая 2022, 14:14