Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Асацыяцыі духоўнай сям'і Шарля дэ Фуко Аўдыенцыя для дэлегацыі Асацыяцыі духоўнай сям'і Шарля дэ Фуко 

Пантыфік: святы Шарль дэ Фуко вучыць сутнасці Евангелля

18 мая 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане дэлегацыю Асацыяцыі духоўнай сям’і Шарля дэ Фуко – французскага святога, кананізаванага некалькі дзён таму.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік падкрэсліў, што ў святым Шарле дэ Фуко “мы можам убачыць прарока нашага часу”, які здолеў раскрыць сутнасць веры і яе паўсюдны характар. Новы святы вучыць, што адкрыць сутнасць хрысціянскага паслання магчыма, “у першую чаргу, вяртаючыся да духу вытокаў, да духу Назарэта”, а таксама праз клопат пра іншых, - заўважыў Папа.

“Як моцна радуецца Пан, калі бачыць, што Яго наследуюць на шляху маласці, пакоры, дзялення з беднымі”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што “Бог ставіць на першае месца любоў, затым – ахвяру, натхнёную любоўю, і паслухмянасць, якая нараджаецца з любові”. “Як Касцёл, мы патрабуем таго, каб вярнуцца да самай сутнасці і не згубіць з поля зроку простую евангельскую чысціню”, - дадаў ён.

Францішак заўважыў, што яшчэ адной рысай святога Шарля дэ Фуко была яго ўсеагульнасць: быць хрысціянінам для яго значыла быць братам усіх, асабліва самых малых. Ён не ставіў перад сабой задачы “навярнуць іншых”, але жыць бескарыслівай Божай любоўю, здзяйсняючы “апостальства дабрыні” ў адносінах да ўсіх: хрысціян, мусульман, юдэяў, язычнікаў, і ўсведамляючы сябе іх братам, “братам усіх”.

Папа падзякаваў духоўным паслядоўнікам Шарля дэ Фуко за іх сведчанне і служэнне, асабліва патрэбнае ў наш час, пазначаны рызыкай закрытасці, аддалення і згубы братоў з поля зроку. Пантыфік прызнаўся, што зварот да гэтага святога дапамог яму ўзбагаціць шлях веры. “Я хацеў бы падзякаваць святому Шарлю дэ Фуко, бо яго духоўнасць была вельмі карыснай для мяне. Калі я вывучаў тэалогію, у час сталення, а таксама крызісу, ён дапамог мне пераадолець крызіс і знайсці шлях больш простага хрысціянскага жыцця, больш блізкага да Пана”, - сказаў Пантыфік.
 

18 мая 2022, 12:12