Пошук

Францішак з кіраўніцтвам Global Solidarity Fund Францішак з кіраўніцтвам Global Solidarity Fund  

Пантыфік: чалавецтву патрэбны новы тып эканомікі

Падчас ватыканскай аўдыенцыі 25 мая 2022 года Францішак падзякаваў кіраўніцтву Global Solidarity Fund за імкненне дапамагаць тым, хто знаходзіцца на перыферыі грамадства.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа нагадаў, што і “Езус ішоў на перыферыі”, “як цела, так і душы”, з сваім Евангеллем. Паводле Святога Айца, сёння гэта надзвычай актуальна: шукаць людзей, з якімі не лічацца, якіх адкінула грамадства – ахвяр культуры адчужэння. Менавіта гэтым займаўся Збаўца.

У сваёй спантаннай прамове Францішак звярнуў увагу на мігранцкі крызіс. Ён лічыць важным у адносінах да ўцекачоў рэалізацыю формулы вітанне-суправаджэнне-падтрымка-інтэграцыя. Прычым, інтэграцыя – гэта не нейкі жэст дабрачыннасці, але абавязак і неабходнасць. Гаворка ідзе пра гарантаванне гэтым людзям, у першую чаргу, адукацыі і працаўладкавання. Тут, звярнуў увагу Пантыфік, не можна спыняцца на паўдарогі.

Каб зразумець мігрантаў, трэба са шчырасцю паглядзець на сябе: “большасць з нас дзеці ці ўнукі мігрантаў”, - заўважыў Францішак, нагадваючы, што ён таксама знаходзіцца ў гэтай групе.

“Еўропу стварылі мігранты; і сёння для сур'ёзнага развіцця Еўропе патрэбны мігранты. Ідзе дэмаграфічная зіма, дзе няма дзяцей, дзе будучыня ўсё больш і больш нявызначаная: няхай гэтыя добрыя людзі прыязджаюць, але іх трэба інтэграваць”, - адзначыў Папа, дзякуючы кіраўніцтву Глабальнага фонду салідарнасці за намаганні ў гэтым напрамку.

Яшчэ адной тэмай прамовы Францішка стала сучасная эканамічная мадэль. Ён перакананы, што чалавецтву патрэбны “новы тып эканомікі”. “Мы павінны перайсці ад ліберальнай эканомікі да эканомікі з удзелам чалавека, да эканомікі супольнасці. І над гэтым вядуць сур’ёзную работу маладыя эканамісты, у тым ліку жанчыны. (...) З іншага боку, мы не можам жыць і з эканомікай, якая паходзіць ад камунізму. Нам патрэбна, скажам так, хрысціянская эканоміка”, - заявіў Пантыфік.

Завяршаючы сваю спантанную прамову, Папа заклікаў сваіх гасцей не баяцца рызыкаваць у сваёй дзейнасці і сваіх пошуках.
 

25 мая 2022, 13:23