Пошук

Аўдыенцыя для дэлегацыі Global Researchers Advancing Catholic Education Project Аўдыенцыя для дэлегацыі Global Researchers Advancing Catholic Education Project 

Пантыфік: сапраўдны настаўнік суправаджае, слухае і вядзе дыялог

Адукацыя павінна быць дынамічная – перадаваць спадчыну мінулага, але скіроўваючы чалавека ў будучыню і дапамагаючы яму развівацца, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 красавіка 2022 года Пантыфік сустрэўся ў Ватыкане з дэлегацыяй Global Researchers Advancing Catholic Education Project – удзельнікамі міжнароднага даследчага праекта, які аб’ядноўвае школьных настаўнікаў і грунтуецца на прасоўванні духоўных і душпастырскіх каштоўнасцей каталіцкай адукацыі.

Францішак падкрэсліў, што выхаванне павінна імкнуцца да стварэння “гармоніі паміж розумам, сэрцам і рукамі” вучняў. Ён адзначыў важнасць суправаджэння школьнікаў на адукацыйным шляху. “Не магчыма выхоўваць, не ідучы разам з людзьмі, якіх выхоўваем. Цудоўна, калі ёсць настаўнікі, якія пілігрымуюць поруч з юнакамі і дзяўчатамі”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што адукаваць – не значыць казаць абстрактныя “рытарычныя рэчы”, але “дапамагаць сустрэчы паміж тым, чаму навучаем, і рэальнасцю”. Ён нагадаў, што вучні маюць права на памылку, але настаўнікі павінны дапамагаць перанакіроўваць гэтыя памылкі і рабіць так, каб яны не сталі небяспечнымі.

“Сапраўдны настаўнік ніколі не палохаецца памылак: ён суправаджае, бярэ за руку, слухае, вядзе дыялог. Не палохаецца і чакае”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што выхаванне павінна дапамагаць развіццю чалавека.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць дыялогу паміж пакаленнямі, але папярэдзіў пра небяспеку “халоднага і суровага традыцыяналізму”: неабходна чэрпаць з мінулага, каб ісці наперад. Традыцыя, паводле Папы, не статычная, а дынамічная, скіраваная на развіццё.
 

21 красавіка 2022, 10:26