Пошук

Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Італьянскага фонда дапамогі людзям з аўтызмам Падчас аўдыенцыі для дэлегацыі Італьянскага фонда дапамогі людзям з аўтызмам 

Папа: людзі з інваліднасцю – вялікае багацце для грамадства

Інваліднасць – гэта выклік і магчымасць для будавання больш інклюзіўнага і цывілізаванага грамадства, - нагадаў Папа, сустракаючыся з дэлегацыяй Італьянскага фонда па патрымцы людзей з аўтызмам.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Праз даследчыя праекты і ініцыятывы на карысць самых слабых і неабароненых, вы робіце каштоўны ўклад у барацьбу супраць культуры адчужэння, распаўсюджанай у нашым грамадстве, празмерна арыентаваным на канкурэнцыю і прыбытак”, - сказаў Францішак падчас аўдыенцыі, якая 1 красавіка 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Пантыфік заклікаў будаваць культуру інклюзіўнасці і прыналежнасці, “заснаваную на годнасці чалавека”. “Гэта годнасць усіх самых слабых і ўразлівых людзей, часта адчужаных, бо маюць ярлык адметных ці непатрэбных, але якія, насамрэч, з’яўляюцца вялікім багаццем для грамадства”, - сказаў ён.

Папа нагадаў, што людзі з інваліднасцю даюць цудоўнае сведчанне гэтага, калі рэалізуюцца ў працоўнай сферы ці прысвячаюць сябе малітве і дапамозе бедным. Ён заўважыў, што шлях да больш братэрскага грамадства ўказвае евангельская прыпавесць пра Добрага Самараніна.

“На гэтым шляху інваліды з’яўляюцца не толькі аб’ектам клопату, але таксама суб’ектам, і гэта вельмі важна! Самаранінам можа быць і сам чалавек з няпоўнаспраўнасцю, з аўтызмам, які становіцца блізкім да іншага, ставячы свае таленты на службу грамадству”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што важны элемент інклюзіўнай культуры – гэта магчымасць актыўнага ўдзелу інвалідаў у жыцці грамадства. Таму неабходна ліквідаваць фізічныя бар’еры, якія перашкаджаюць ім удзельнічаць у ініцыятывах грамадзянскай і касцёльнай супольнасці, робячы свой унёсак, а таксама стварыць доступ да адукацыі, працы і месцаў адпачынку, дзе яны змогуць сацыялізавацца і выражаць сваю крэатыўнасць.

Пантыфік заўважыў, што моцны ўплыў на самых уразлівых, на пажылых, на людзей з інваліднасцю і іх сем’і аказала пандэмія каронавіруса, а на працягу апошніх тыдняў яшчэ і трагедыя вайны ва Украіне. У сувязі з гэтым Папа заклікаў пашыраць сетку салідарнасці і не змарнаваць магчымасці для ўзаемнай падтрымкі.

Францішак выказаў падзяку ахвярадаўцам, якія дапамагаюць Італьянскаму фонду па падтрымцы людзей з аўтызмам, падкрэсліваючы, што эканоміка, у цэнтры якой знаходзіцца братэрства, таксама робіць грамадства больш салідарным і інклюзіўным.

“Дарагія браты і сёстры, мы перажываем час цяжкога выпрабавання, але Пасха Пана, якая набліжаецца, нагадвае нам, што смерць не мае апошняга слова. Давайце разам з самымі ўразлівымі братамі і сёстрамі будзем трымаць запаленай паходню надзеі”, - заклікаў сваіх гасцей Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што пасля аўдыенцыі на ватыканскай плошчы святога Пятра некаторыя людзі з разладам аўтыстычнага спектру будуць гатаваць ежу і частаваць бедных. “Гэта ініцыятыва з’яўляецца сведчаннем стылю Добрага Самараніна, стылю Бога: блізкасці, спагады і ласкавасці”, - сказаў Папа на развітанне сваім гасцям.

01 красавіка 2022, 11:29