Пошук

Падчас сустрэчы з Місіянерамі міласэрнасці Падчас сустрэчы з Місіянерамі міласэрнасці  

Пантыфік сваім місіянерам: мець пад рукой покрыва міласэрнасці

Ніколі не асуджаць, але заўсёды старацца зразумець чалавека, ніколі не спыняцца на адной дэталі, але глядзець на ўсё яго жыццё, - такую параду даў Місіянерам міласэрнасці Папа падчас сустрэчы 25 красавіка 2022 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак скарыстаўся біблейскай гісторыяй пра Рут – маавіцянку, “вернасць і шчодрасць якой дазволіла ёй стаць часткай народа Ізраіля з усімі правамі”. “Насамрэч, Бог не пакідае тых, хто давярае сябе Яму, хто ідзе насустрач Яму з любоўю, адплачваючы звыш усіх жаданняў. Рут выяўляе рысы міласэрнасці, калі не пакідае Наамі адну, а дзеліцца з ёй сваёй будучыняй; (...) калі выказвае гатоўнасць пераадолець усе перашкоды, каб застацца вернай. Тое, што мы атрымліваем, – гэта сапраўднае аблічча міласэрнасці, якое праяўляецца ў спачуванні і абмене”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Паводле Францішка, “Рут з'яўляецца іконай таго, як мы можам пераадолець шматлікія формы выключэння і маргіналізацыі, якія хаваюцца ў нашых паводзінах”. “Бог ведае ўнутраную прыгажосць людзей, нават калі яны яшчэ не маюць веры абранага народа; Ён уважлівы да пачуццяў, асабліва да вернасці, адданасці, шчодрасці і надзеі, што жыве ў сэрцы чалавека, калі ён сустракае выпрабаванне”, - звярнуў увагу Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “ў Кнізе Рут Бог ніколі не гаворыць”, “Ён згадваецца шмат разоў; персанажы часта спасылаюцца на Яго, але Ён маўчыць”, “але мы разумеем, што Бог гаворыць менавіта праз Рут”. Папа лічыць, што біблейскі сюжэт дапамагае “зразумець прысутнасць Бога ў жыцці чалавека”. Менавіта служэнне Місіянераў міласэрнасці “дае голас Богу і паказвае аблічча Яго міласэрнасці”. “Ніколі не забывайма, што ў паўсядзённым жыцці людзей Ён дзейнічае не праз рэчы, якія бударажаць, а ціха, стрымана, проста, настолькі, што праяўляе сябе праз людзей, якія становяцца сакрамэнтам Яго прысутнасці”, - адзначыў Францішак.

Ён папрасіў Місіянераў заўсёды ставіць перад сабой мэту зразумець чалавека, паглядзець на ўсё яго жыццё. “Бог не спыняецца на знешнасці, бо калі б Ён судзіў толькі па недахопах, напэўна, ніхто б не быў збаўлены. Не так выяўляецца міласэрнасць. Яна ўмее глядзець у сэрца чалавека, дзе схавана настальгічнае жаданне вярнуцца да Айца, у Яго дом”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў святароў “заўсёды мець пад рукой покрыва міласэрнасці, каб ахінуць яго цяплом тых, хто прыходзіць за прабачэннем; каб суцешыць тых, хто знаходзіцца ў смутку і адзіноце; каб заставацца шчодрымі, як Рут”. Толькі ў такім выпадку “Пан прызнае вас сваімі вернымі слугамі”, - звярнуўся ён да духавенства.

Місіянеры міласэрнасці з’явіліся ў Касцёле падчас Юбілею Міласэрнасці, які праходзіў у 2015-2016 гадах. Паводле задумы Францішка, які ўстанавіў гэта адмысловае служэнне, яны пакліканы быць сведкамі і прапаведнікамі Божай міласэрнасці. Гэтыя святары ўпаўнаважаны адпускаць грахі, зарэзерваваныя для вышэйшай касцёльнай улады і Апостальскай Сталіцы.
 

25 красавіка 2022, 12:23