Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак выказаў намер адправіцца ў Казахстан

Падчас відэазванка з Прэзідэнтам Казахстана Касым-Жамартам Такаевым Папа выказаў намер наведаць 7-ы Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій, які пройдзе ў верасні 2022 года ў Нур-Султане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэту інфармацыю пацвердзіў кіраўнік Залы Друку Святога Пасаду Матэа Бруні.

“Я з нецярпеннем чакаю гэтай важнай з пункту гледжання прасоўвання міжрэлігійнага дыялогу, адзінства і збліжэння дзяржаў падзеі, што вельмі важна ў нашы дні. (...) Мы бачым, наколькі разнастайная і адзіная ваша краіна. Гэта аснова стабільнасці. Мы рады, што ў Казахстане гэта разумеюць. Вы можаце разлічваць на маю падтрымку, я шаную вашыя намаганні”, - заявіў Францішак.

Пантыфік падкрэсліў выключную значнасць дасягнення адзінства і згоды ў свеце ва ўмовах цяперашняй складанай геапалітычнай сітуацыі.

Такаеў пацвердзіў жаданне Казахстана далей развіваць супрацоўніцтва са Святым Пасадам у сферы рэлігійнай згоды і ўзаемапавагі.

Першы Кангрэс лідараў сусветных і традыцыйных рэлігій прайшоў у Астане ў 2003 годзе. Узорам для яго стаў Дзень малітвы за мір у свеце, скліканы Янам Паўлам II у Асізі ў студзені 2002 года. Сустрэча мела на мэце пацвердзіць станоўчы ўклад розных рэлігійных традыцый у дыялог і згоду паміж народамі і дзяржавамі пасля напружанасці, звязанай з нападамі 11 верасня 2001 года ў ЗША.

Тэмай наступнага міжрэлігійнага кангрэсу, які пройдзе 14-15 верасня 2022 года ў казахстанскай сталіцы, стане Роля лідараў сусветных і традыцыйных канфесій у сацыяльна-духоўным развіцці чалавецтва ў постпандэмічны перыяд.

Францішак стане другім Пантыфікам, які наведае Кастахстан. У верасні 2001 года з Апостальскім візітам у краіне знаходзіўся Ян Павел ІІ.
 

12 красавіка 2022, 09:53