Пошук

Францішак адразу пасля абрання. 13.03.2013 Францішак адразу пасля абрання. 13.03.2013 

9-я гадавіна абрання Францішка

Францішак адзначае 13 сакавіка 2022 года 9-ю гадавіну пачатку свайго пантыфікату.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Навіну аб рашэнні Калегіі кардыналаў абраць Пантыфікам кардынала Хорхэ Марыа Берголіа, арцыбіскупа Буэнас-Айрэса, абвясціў 13 сакавіка 2013 года кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран. Ён стаў 266-м пераемнікам святога Пятра.

Францішак – першы езуіт і, амаль за 200 гадоў, – першы манах на Пасадзе святога Пятра, першы з-за меж Еўропы за трынаццаць стагоддзяў і першы з Амерыкі. “Перш чым біскуп блаславіць людзей, прашу вас памаліцца да Бога аб благаслаўленні для мяне”, - сказаў ён у сваёй першай прамове.

Вітаючы журналістаў 16 сакавіка 2013 года, ён прызнаўся: “Ах, як бы я хацеў Касцёла беднага і Касцёла для бедных!”. Францішак пасяліўся не ў Апостальскім палацы, а ў Доме святой Марты – ватыканскім гатэлі.

19 сакавіка 2013 года адбылася інаўгурацыя Пантыфікату. Ва ўрачыстай Імшы ўдзельнічалі каля 150 тысяч чалавек, у тым ліку 132 дзяржаўныя дэлегацыі і 33 прадстаўнікі іншых канфесій і рэлігій.

Святы Айцец прамовіў гамілію, у якой прадставіў праграму свайго Пантыфікату. “Ахоўваць Езуса з Марыяй, ахоўваць усё стварэнне, ахоўваць кожнага чалавека, асабліва самых бедных, ахоўваць нас саміх – гэта тое служэнне, да якога пакліканы біскуп Рыма”, - сказаў тады Францішак. Ён заявіў, што "не трэба баяцца дабрыні і пяшчоты", адзначыўшы, што менавіта так ён разумее сваё служэнне як Наступніка святога Пятра. У той жа час ён падкрэсліў, што “рэальная ўлада – гэта служэнне”.
 

13 сакавіка 2022, 12:03