Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Абнародаваны абноўлены варыянт праграмы візіту Папы ў Фларэнцыю

Падчас раней анансаванага візіту ў Фларэнцыю Францішак не толькі сустрэнецца з іерархамі і палітыкамі Міжземнаморскага рэгіёну, але і паразмаўляе з бежанцамі і мігрантамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

22 лютага 2022 года быў абнародаваны абноўлены варыянт афіцыйнай праграмы аднадзённага падарожжа ў сталіцу Тасканы з нагоды сустрэчы біскупаў і мэраў Міжземнамор’я. Яно пройдзе 27 лютага 2022 года.

Францішак вылеціць з Ватыкана ў 7.00 і ўжо праз гадзіну будзе ў Фларэнцыі. Верталёт сядзе на лёгкаатлетычным стадыёне імя Луіджы Рыдольфі. У 8.30 у Палаца Вэкіё пачнецца форум з удзелам высокіх прадстаўнікоў Касцёла і істэблішменту Міжземнаморскага рэгіёну. На ім выступяць, між іншым, мэры: Фларэнцыі, Афін, Іерусаліма, Стамбула. З прамовай да ўдзельнікаў звернецца і Папа.

Пантыфік прабудзе на сустрэчы каля гадзіны, а пазней, у тым жа Палаца Вэкіё, паразмаўляе з запрошанымі туды бежанцамі і мігрантамі. Іх будзе каля 50 чалавек.

У 10.00 у базыліцы Санта-Крочэ Францішак правядзе кароткую прыватную сустрэчу з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі. А праз паўгадзіны ўзначаліць там жа святую Імшу. Роўна ў 12.00 Папа памоліцца з вернікамі Анёл Панскі.

У 12.30 ён вылеціць назад у Ватыкан, дзе яго будуць чакаць роўна праз гадзіну.

Сустрэча біскупаў і мэраў Міжземнамор’я будзе прысвечана разважанню аб праблемах, з якімі сутыкаецца рэгіён. Яна стане працягам дыялогу, які пачаўся два гады таму ў Бары, дзе сабраліся біскупы з 20 міжземнаморскіх краін.
 

22 лютага 2022, 11:17