Пошук

Вокладка кнігі "Пераправімся на другі бераг" Вокладка кнігі "Пераправімся на другі бераг" 

Папа напісаў прадмову да кнігі-інтэрв’ю з былым мафіёзі

Чалавек аздараўляецца, калі адчувае сябе любімым: тады ў ім прабуджаецца “туга па любові”, - напісаў Пантыфік у прадмове да кнігі “Пераправімся на другі бераг” (Passiamo all’altra riva).

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На старонка выдання італьянскі святар, журналіст і турэмны капелан, ксёндз Бэніта Джаржэта вядзе гутарку з былым мафіёзі Луіджы Банавентурай, якія цяпер супрацоўнічае з правасуддзем. “Ніколі нельга зводзіць чалавека да яго памылкі”, бо “памылка гэта ўсяго толькі эпізод, частка жыцця”. Неабходна дапамагаць кожнаму выйсці за межы яго правінаў, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа зазначыў, што чалавек аздараўляецца, калі адчувае сябе любімым: тады ў ім прабуджаецца “туга па любові”. Калі ж мы пакідаем чалавека ўгразаць у яго памылках і не выпраўляем яго, тады становімся саўдзельнікамі яго віны: раўнадушша да яго лёсу раўназначна “не аказанню дапамогі падчас дарожна-транспартнага здарэння”, - дадаў ён.

Францішак лічыць, што неабходна праяўляць шчыры інтарэс да зняволенага і рабіць усё магчымае, каб уратаваць яго. У першую чаргу трэба даць яму тое, у чым ён мае патрэбу. Такога чалавека трэба шчыра любіць, пакутаваць за здзейсненыя ім грахі і маліцца за яго, бо малітва робіць нас знакам бацькоўскага клопату Бога, а “Святы Дух зробіць усё астатняе”.

Пантыфік падкрэсліў, што мужны і рызыкоўны выбар Луіджы Банавентуры з’яўляецца “зернем надзеі”, пасеяным на землях, якія пацярпелі ад мафіі: яго сведчанне можа стаць прыкладам для многіх людзей, якія, адмовіўшыся ад логікі злоўжыванняў, могуць таксама адкрыцца на новую перспектыву, - перакананы Святы Айцец.

Папа заўважыў, што заўсёды трэба змяняцца, выбіраючыся з-пад завалаў учыненага зла; “заўсёды ёсць магчымасць пераправіцца на іншы бераг, нават калі плаванне будзе цяжкім і поўным небяспекаў”. Галоўнае – не адчуваць сябе самотнымі, сказаў Пантыфік, нагадваючы, што Езус, заклікаючы вучням перабрацца на другі бераг Галілейскага мора, быў разам з імі.
 

05 лютага 2022, 09:50