Пошук

Падчас аўдыенцыі для асацыяцыі Voir Ensemble Падчас аўдыенцыі для асацыяцыі Voir Ensemble  

Папа: Езус прапануе нам новае бачанне слабасці, хваробы і смерці

Езус запрашае нас аднавіць наш спосаб бачыць людзей і рэчы, - звярнуў увагу Папа 19 лютага 2022 года падчас сустрэчы з прадстаўнікамі французскай асацыяцыі Voir Ensemble (Глядзець разам).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Хрысціянская структура аб'ядноўвае шматлікіх сляпых і слабавідушчых, якія жадаюць жыць радасцю Евангелля ў братэрстве.

Спасылаючыся на евангельскую гісторыю аб вылячэнні сляпога, Францішак з жалем адзначыў, што сённяшні свет “прывык успрымаць толькі знешняе, самы павярхоўны аспект”, а сучасная культура сцвярджае, “што людзі цікавыя толькі з пункту гледжання іх фізічнага выгляду, адзення, прыгожых дамоў, раскошных аўтамабіляў, сацыяльнага становішча і багацця”.

Евангелле ж наадварот, сведчыць аб тым, што хворы ці чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, дзякуючы сваёй далікатнасці і абмежаванасці, можа апынуцца ў цэнтры сустрэчы з Езусам, можа адкрывацца на жыццё і веру, будаваць братэрства і адносіны, у Касцёле і ў грамадстве.

Пантыфік звярнуў увагу на парадокс: пасля сустрэчы з Езусам сляпы пачынае бачыць, а відушчыя застаюцца сляпымі. Гэта застаецца актуальным і сёння.

“Езус запрашае аднавіць наш спосаб бачыць людзей і рэчы. Ён прапануе нам новае бачанне нашых адносін з іншымі, асабліва ў сям'і, нашай чалавечай слабасці, хваробы і смерці. Ён запрашае нас паглядзець на ўсё гэта Божым позіркам! Вера не зводзіцца да шэрагу тэарэтычных вераванняў, традыцый і звычаяў. Гэта сувязь з Езусам і шлях наследавання Таго, які пастаянна аднаўляе наш спосаб бачання свету і нашых братоў”, - звярнуўся да сваіх гасцей Папа.

Францішак заклікаў іх не задавольвацца сваёй “прасветленасцю” і станавіцца сведкамі святла, сведкамі Езуса і Божай працы, Яго справы міласэрнасці і любові, якая дорыць жыццё.
 

19 лютага 2022, 13:06