Пошук

Папа Францішак Папа Францішак 

Папа: Юбілей 2025 года павінен стаць часам аднаўлення надзеі і даверу

Францішак спадзяецца, што хрысціянскі народ “пражыве Святы Год ва ўсім яго душпастырскім багацці”. Ён напісаў ліст да арцыбіскупа Рына Фізікелы, дыкастэрыя якога адказвае за арганізацыю Юбілею 2025 года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа лічыць, што “знакавым этапам” для Касцёла стаў Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці, які прайшоў некалькі гадоў таму і “дазволіў адкрыць усю моц і пяшчоту міласэрнай любові Айца”.

У апошнія два гады не было краіны, якую б не закранула нечаканая пандэмія, якая не толькі прынесла драму смерці ў адзіноце і няўпэўненасць, але і змяніла вобраз жыцця, - адзначыў Папа. “Мы цалкам упэўнены, што эпідэмію можна пераадолець, і свет зможа знайсці свой уласны рытм асабістых адносін і грамадскага жыцця. Гэта будзе значна лягчэй рэалізаваць, калі мы станем дзейнічаць у шчырай салідарнасці, каб бедныя не заставаліся без увагі, каб адкрыццямі навукі і неабходнымі лекамі можна было падзяліцца з кожным”, - напісаў ён.

Францішак перакананы, што “надыходзячы Юбілей будзе вельмі карысным для аднаўлення атмасферы надзеі і даверу”. З гэтым звязаны і абраны ім дэвіз Святога Года: Пілігрымы надзеі. “Няхай гучаць галасы бедных у гэты час падрыхтоўкі да Юбілею, які, паводле біблейскай запаведзі, вяртае кожнаму доступ да пладоў зямлі”, - патлумачыў ён свой выбар.

У гэты адмысловы час ласкі Францішак заклікаў сузіраць прыгажосць стварэння і клапаціцца пра наш агульны дом, паколькі кожны чалавек – гэта пілігрым на зямлі, якую Бог паставіў нас апрацоўваць і ахоўваць.

Святы Айцец даручыў старшыні Папскай рады па новай евангелізацыі “знайсці адпаведныя формы, каб Святы Год быў падрыхтаваны і адзначаны з моцнай верай, жывой надзеяй і актыўнай любоўю”.

Ён анансаваў сваю булу, у якой змесціць “неабходныя рэкамендацыі па святкаванні Юбілею 2025 года” і агучыў рашэнне: прысвяціць 2024 год, які будзе папярэднічаць юбілейнай падзеі, “вялікай малітоўнай “сімфоніі”. Ён, паводле ідэі Францішка, павінен стаць “напружаным годам малітвы, калі сэрцы адкрыюцца, каб атрымаць мноства ласкаў, калі Ойча наш, малітва, якой навучыў нас Езус, стане праграмай жыцця для кожнага з Яго вучняў”.

Завяршаючы свой ліст, апублікаваны ў Ватыкане 11 лютага 2022 года, Пантыфік папрасіў Панну Марыю суправаджаць Касцёл на шляху падрыхтоўкі да Юбілею.
 

11 лютага 2022, 12:23