Пошук

Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў Ірака Папа падчас сустрэчы з прадстаўнікамі хрысціянскіх Цэркваў Ірака 

Святы Айцец: рэлігіі павінны служыць братэрству

28 лютага 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў хрысціянскіх Цэркваў Ірака. Сустрэча была прымеркавана да гадавіны Апостальскага падарожжа Папы ў гэту краіну.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак спаслаўся на біблійную гісторыю, падкрэсліваючы, што іракскія землі, з’яўляюцца месцам вытокаў і выгнанняў. Ён заўважыў, што таксама і сёння многія хрысціяне ў гэтым рэгіёне вымушаны пакідаць свае дамы па прычыне пераследу і войнаў, “несучы на Захад святло хрысціянскага Усходу”.

Папа ўзгадаў пра шматлікіх іракскіх хрысціянскіх мучанікаў розных канфесій, выказваючы пажаданне, каб іх кроў стала “зернем адзінства паміж хрысціянамі і знакам новай вясны веры”, як пралітая кроў Хрыста прывяла да прымірэння і росквіту Касцёла.

Святы Айцец заклікаў, каб хрысціяне “ззялі як прароцкі знак адзінства ў разнастайнасці” пасярод народу, які шмат пакутаваў ад падзелаў і канфліктаў. “Дарагія, разам з вамі я хачу сцвердзіць яшчэ раз, што немагчыма ўявіць Ірак без хрысціян”, - сказаў Папа, падкрэсліваючы, што іх прысутнасць важная таксама з сацыяльнага і культурнага пункту гледжання.

Хрысціяне робяць свой моцны ўклад у асаблівую тоеснасць Ірака і павінны быць паўнапраўнымі грамадзянамі краіны. Таму Пантыфік заклікаў духавенства іракскіх Цэркваў быць блізкімі да вернікаў і даваць сведчанне блізкасці і ласкавасці Езуса Добрага Пастыра ў першую чаргу праз свой прыклад і евангельскае жыццё.

Звяртаючы ўвагу на рэлігійную разнастайнасць Ірака, Папа заклікаў хрысціян садзейнічаць таму, каб рэлігіі служылі братэрству. Ён заўважыў, што дыялог – гэта “найлепшае супрацьяддзе ад экстрэмізму”, які з’яўляецца небяспечным для вызнаўцаў усіх рэлігій і стварае сур’ёзную пагрозу для міру. Трэба змагацца з глыбокімі прычынамі фундаменталізму, які прарастае ў кантэксце матэрыяльнай, культурнай і адукацыйнай беднасці, а ўмацоўваецца несправядлівасцю і галечай, пакінутых войнамі, сказаў Папа. “Ваша краіна мае ўласную годнасць, уласную свабоду і не можа быць зведзена да ўзроўню поля бітвы”, - дадаў Святы Айцец.
 

28 лютага 2022, 13:20