Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: хворыя не павінны адчуваць недахопу ў чалавечай блізкасці

Культура братэрства з’яўляецца лекам ад сацыяльнага вірусу эгаізму, які пакідае людзей без магчымасці доступу да базавых медыцынскіх паслуг, - падкрэсліў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў вэбінару, арганізаванага ватыканскай Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, з нагоды ХХХ Сусветнага дня хворага, які будзе адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 11 лютага.

Пантыфік заўважыў, што хвароба не толькі прымушае чалавека адчуць уласную ўразлівасць і патрэбу ў іншых людзях, але таксама задумацца пра сэнс пакут. Ён нагадаў словы святога Яна Паўла ІІ пра тое, што ў такія моманты хворым важна не засяроджвацца на сябе, а адкрыцца на больш вялікую любоў і ўдзельнічаць у пакутах Хрыста.

Францішак заклікаў не забываць пра выключнасць кожнага хворага, яго годнасць і ўразлівасць, а таксама памятаць пра важнасць цэласнага клопату пра чалавека: пра яго цела, розум, пачуцці, свабоду, волю і духоўнае жыццё.

Паводле Папы, немагчыма клапаціцца толькі пра адзін аспект чалавечай асобы, бо яна непадзельная, і часам, існуе парадаксальная магчымасць уратаваць цела асобы, але згубіць чалавечнасць. “Святыя, якія клапаціліся пра хворых, заўсёды выконвалі навучанне Настаўніка: лячыць раны цела і душы; маліцца і дзейнічаць на карысць фізічнага і духоўнага аздараўлення разам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што “гэты час пандэміі вучыць нас глядзець на хваробу не толькі як на індывідуальны феномен, але і як на глабальны, і запрашае да рэфлексіі пра іншыя віды “паталогій”, якія пагражаюць чалавецтву і свету”.

“Індывідуалізм і раўнадушша – гэта формы эгаізму, якія, на жаль, распаўсюджаны ў грамадстве спажывальніцкага дабрабыту і эканамічнага лібералізму; а няроўнасць, якая з’яўляецца вынікам гэтага, сустракаецца таксама ў сферы аховы здароўя, дзе некаторыя карыстаюцца так званымі “перавагамі”, а іншым цяжка атрымаць доступ да базавых медыцынскіх паслуг. Лекам, каб перамагчы гэты сацыяльны “вірус”, з’яўляецца культура братэрства, заснаваная на ўсведамленні таго, што мы ўсе роўныя як людзі, усе роўныя, дзеці аднаго Айца”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў пра непрамінаючую актуальнасць евангельскай прыпавесці пра Добрага Самараніна, падкрэсліваючы, што “мы не павінны быць саўдзельнікамі ні разбойнікаў, які абрабавалі чалавека і пакінулі яго раненым на ўскраіне дарогі, ні двух служыцеляў культу, якія бачылі яго і прайшлі міма”.

Папа падкрэсліў, што Касцёл, наследуючы Езуса, Добрага Самараніна чалавецтва, заўсёды імкнуўся дапамагаць тым, хто пакутуе, прысвячаючы хворым вялікія асабістыя і эканамічныя рэсурсы. Ён нагадаў пра шматлікіх каталіцкія шпіталі ў краінах, якія развіваюцца; пра місіянераў, якія згубілі жыццё, дапамагаючы бедным хворым; пра шматлікіх святых, якія стаялі ля вытокаў ініцыятыў у сферы аховы здароўя. Пантыфік зазначыў, што пакліканне і місія цэласнага клопату пра чалавека, павінна абнавіць харызматы, звязаныя са сферай аховы здароўя, для таго, каб хворыя не адчувалі недахопу ў чалавечай блізкасці.
 

10 лютага 2022, 15:10