Пошук

Катэдральны касцёл у Казенцы Катэдральны касцёл у Казенцы 

Францішак скіраваў пасланне на 800-годдзе катэдры ў Казенцы

Аднавіць увагу да экзістэнцыяльных перыферый, - заклікаў Папа каталіцкую супольнасць італьянскага горада Казенца ў пасланні з нагоды 800-годдзя кансэкрацыі мясцовага катэдральнага касцёла.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Гордая скарбам мастацтва і гісторыі, які захоўваецца ў яе старажытнай катэдры, Казенца ўзносіць хвалу Богу за дабро, якое выпраменьвалася са святыні на працягу стагоддзяў”, і адначасова адчувае сябе пакліканай аднавіць “жаданне місіі і сведчання Езуса сучаснаму чалавеку, ва ўсіх асяроддзях яго жыцця, з асаблівай увагай да экзістэнцыяльных перыферый”, - напісаў Францішак, выказваючы пажаданне, каб у людзей, якія наведваюць гэты храм, распалілася “прагненне Бога, лучнасць з уласнымі каранямі і згуртаванасць паміж членамі супольнасці”.

Юбілейны год, прымеркаваны да 800-годдзя катэдральнага касцёла ў Казэнцы, распачаўся 30 студзеня 2022 года ўрачыстай святой Імшой і адкрыццём Святых дзвярэй, якую ўзначаліў Апостальскі нунцый у Італіі, арцыбіскуп Эміль-Пол Шэрыг. Юбілей будзе працягвацца да 12 лютага 2023 года. Яго праграма прадугледжвае шматлікія святочныя падзеі, культурнага, музычнага і гістарычнага характару. Пошта Італіі выпусціла з гэтай нагоды адмысловую паштовую марку.

Катэдра ў Казенцы была кансэкравана 30 студзеня 1222 года ў прысутнасці імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха ІІ і папскага легата, кардынала Нікало Дэ К’ярамонці. Яна была адбудавана пасля разбурэнняў, выкліканых землятрусам 1184 года.
 

01 лютага 2022, 08:24