Пошук

Лагатып падарожжа Папы на Мальту Лагатып падарожжа Папы на Мальту 

Апублікавана праграма падарожжа Папы на Мальту

25 лютага 2022 года Зала Друку Апостальскай Сталіцы апублікавала праграму падарожжа Святога Айца на Мальту. Папа наведае Валета, Рабат, Фларыяна і востраў Гоца.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прыбудзе на Мальту раніцай 2 красавіка. Пасля цырымоніі прывітання ў мясцовым міжнародным аэрапорце ён здзейсніць візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны, сустрэнецца з Прэм’ер-міністрам і звернецца з прамовай да прадстаўнікоў уладаў і дыпламатычнага корпуса. Усе гэтыя падзеі адбудуцца ў Палацы Вялікага магістра ў Валеце.

Затым Святы Айцец адправіцца на востраў Гоца, які ўваходзіць у склад Мальтыйскага архіпелагу. Тут ён наведае марыйны санктуарый Та’Піну, дзе правядзе малітоўную сустрэчу.

У нядзелю 3 красавіка раніцай, у будынку Апостальскай нунцыятуры ў Рабаце, Францішак сутрэнецца з мальтыйскімі езуітамі. Потым ён адведае Гроту святога Паўла ў рабацкай базыліцы і адправіцца ў горад Фларыяна, дзе ўзначаліць святую Імшу і малітву Анёл Панскі на плошчы перад касцёлам святога Публія. Апошнім пунктам візіту Папы на Мальту стане сустрэча з мігрантамі Цэнтры John XXIII Peace Lab, пасля якой Францішак адправіцца ў аэрапорт і вылеціць у Рым.

25 лютага 2022, 12:43