Пошук

Францішак падчас казання на Нешпарах Францішак падчас казання на Нешпарах 

Святы Айцец: крыніца хрысціянскага захаплення – рэальнасць

Калі звядзём Божае Нараджэнне да павярхоўнай эмоцыі або спажывецкага шаленства, то ніколі нічога не зменіцца, - папярэдзіў Папа 31 снежня 2021 года ў сваім казанні падчас Нешпараў на завяршэнне года.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак нагадаў, што нараджэнне Хрыста выклікае глыбокае пачуццё захаплення і роздуму. Гаворка, аднак, пра “захапленне, якое не абмяжоўваецца павярхоўнай эмоцыяй, звязанай са знешнім характарам свята, а што яшчэ горш, спажывецкім шаленствам”.

“Калі да гэтага звядзём Божае Нараджэнне – нічога не зменіцца: заўтра будзе такім жа, як і ўчора, а наступны год будзе такім жа, як і мінулы”, - заўважыў Пантыфік. Ён параўнаў гэта з агнём ад саломы, ля якога можна сагрэцца ўсяго імгненне, і заклікаў да разумення істоты нараджэння Хрыста: “Слова сталася целам і пасялілася між намі”.

Францішак адзначыў, што сэрца Марыі было “поўнае захаплення, але без ценю рамантычнасці, расслабленасці або ўяўнай духоўнасці”. “Крыніца хрысціянскага захаплення – не спецэфекты ці свет фантазій, а таямніца рэальнасці: няма нічога вышэйшага і больш захапляльнага за рэальнасць”, - патлумачыў Святы Айцец.

Папа дадаў, што захапленне Марыі і Касцёла “поўнае ўдзячнасці”, таму што “Бог не пакінуў свой народ, Ён прыйшоў, Ён побач, Ён – Бог-з-намі”. І хоць “праблемы не зніклі, цяжкасцей і клопатаў хапае”, “мы не адны”, таму што Айцец паслаў свайго Сына, “каб усіх, страчаных і рассеяных, вярнуць у дом Айца”.

Пантыфік адзначыў, што “перыяд пандэміі ўзмацніў ва ўсім свеце пачуццё разгубленасці”. “Пасля пачатковай фазы рэакцыі, калі мы адчувалі салідарнасць на адной лодцы, з'явілася спакуса “няхай кожны выжывае, як можа”. Але, дзякуй Богу, мы зноў адрэагавалі з пачуццём адказнасці, лічыць Папа. Гэта адбылося дзякуючы Богу, ад Якога паходзіць наша першапачатковае пакліканне, “каб усе мы былі сёстрамі і братамі, дзецьмі аднаго Айца”.

Францішак адзначыў, што “Рым нясе гэтае пакліканне, запісанае ў яго сэрцы”, і ўсе тут адчуваюць сябе братамі, што вынікае “з гісторыі горада, з яго культуры, але перш за ўсё з Евангелля Хрыста, якое глыбока ўкаранілася тут, аплодненае крывёю пакутнікаў”. Ён, аднак, папярэдзіў, што гасціннасць пазнаюць не па “фасадзе”, а па штодзённай увазе да тых, хто змагаецца з самымі вялікімі праблемамі.

Пантыфік пажадаў, каб жыхары і госці Рыма “маглі ўсё больш і больш цаніць гэтае месца за клопат пра гасціннасць, годнасць жыцця, агульны дом, самых слабых і ўразлівых”, каб кожны з захапленнем адкрываў у гэтым горадзе прыгажосць, якая выклікае ўдзячнасць.
 

01 студзеня 2022, 10:55