Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі французскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя Папа падчас аўдыенцыі для дэлегацыі французскага аддзялення руху Каталіцкая акцыя  (Vatican Media)

Пантыфік: узрастаць у любові да Бога і бліжняга, каб змяніўся свет

13 студзеня 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю французскага аддзялення міжнароднага руху Каталіцкая акцыя. Яна здзейсніла пілігрымку ў Ватыкан, якая прайшла пад дэвізам “Апосталы сёння”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Заклікаючы да рэфлексіі “над нашым пакліканнем да быцця сапраўдным апосталамі сёння”, Папа спаслаўся на гісторыю сустрэчы Езуса з вучнямі на дарозе ў Эмаўс, якія памяталі пра падзеі, што перажылі; распазналі дзейнасць Бога ў гэтых падзеях; і дзейнічалі, вярнуўшыся ў Іерусалім, каб абвяшчаць уваскрасенне Хрыста.

Фундаментальна важна спыніцца і паглядзець на падзеі, якія “сфармавалі наша жыццё, з якіх складаецца наша гісторыя, нашы сямейныя, культурныя і хрысціянскія карані”, каб заўважыць, што “Бог прысутнічаў у кожным моманце”, - сказаў Папа. Ён патлумачыў, што “асцярожнасць і далікатнасць дзейнасці Пана ў нашым жыцці часам перашкаджае нам асэнсаваць яе ў той жа момант, таму патрэбна дыстанцыя, каб зразумець яе паслядоўнасць”.

Святы Айцец заклікаў таксама да праніклівасці ў святле Божага Слова. “У сустрэчы паміж здарэннямі ў свеце і нашым жыцці з аднаго боку, і Божым словам з іншага, мы можам распазнаць заклікі, якія Пан скіроўвае да нас”, - заўважыў ён, заклікаючы сваіх гасцей быць уважлівымі да таго, што прамаўляе Святы Дух і заўсёды пакідаць належнае месца ў сваім жыцці для малітвы, духоўнага жыцця і адарацыі.

Папа заахвоціў сваіх гасцей “падтрымліваць і ўмацоўваць” дзейнасць Бога ў сэрцах людзей, “адаптуючыся да рэчаіснасці, якая няспынна змяняецца”. Ён заўважыў, што сёння людзі, якія наведаюць хрысціянскія рухі, асабліва ў Еўропе, сталі больш скептычна адносіцца да інстытуцый, маюць большую адчувальнасць і ўразлівасць, чым папярэднія пакаленні, з’яўляюцца “менш укаранёнымі ў веры, але, тым не менш, яны шукаюць сэнс, праўду і не сталі менш шчодрымі”.

“Ваша місія як Каталіцкай акцыі заключаецца ў тым, каб дасягнуць іх такіх, якімі яны з’яўляюцца, дапамагчы ім узрастаць у любові да Хрыста і да бліжняга, і весці іх да больш канкрэтнай дзейнасці, каб сталі галоўнымі героямі свайго жыцця і жыцця Касцёла, каб змяніўся свет”, - сказаў Францішак, выказваючы сваім гасцям падзяку за служэнне, якога Касцёл сёння патрабуе як ніколі раней. Папа пажадаў, каб дзякуючы гэтаму служэнню кожны чалавек знайшоў радасць сяброўства з Езусам і абвяшчэння Евангелля.
 

13 студзеня 2022, 12:52