Пошук

Францішак падчас візіту ў музычную краму Stereosound Францішак падчас візіту ў музычную краму Stereosound 

Нечаканы візіт Пантыфіка ў музычную краму

Святы Айцец наведаў рымскую музычную краму, з уладальнікамі якой ён знаёмы яшчэ з часоў сваіх візітаў у Рым у якасці кардынала.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11 студзеня 2022 года ўвечары Папа нечакана адправіўся ў музычную краму Stereosound у цэнтральнай частцы Рыма, дзе прадаюць музычныя дыскі і пласцінкі. Наведваючы старых знаёмых, ён благаславіў памяшканне пасля нядаўняга рамонту. Падчас сваіх візітаў у Рым Хорхэ Берголіа жыў у суседнім з крамай Доме для духавенства.

Раней былі выпадкі, калі Францішак асабіста адпраўляўся ў горад, каб набыць сабе нешта. Аднойчы ён наведаў оптыку, каб памяняць аправу для акуляраў, у артапедычным салоне Пантыфік набываў абутак. Але на гэты раз гаворка ішла пра сяброўскі візіт.

Святы Айцец прыехаў Fiat 500L каля 19.00. Ён правёў у Stereosound каля дзесяці хвілін, размаўляючы з уладальніцай і яе сям’ёй, - паведаміў Матэа Бруні, кіраўнік Залы Друку.

У кароткай заяве для прэсы пасля ад’езду госця ўладальніца крамы прызналася, што Папа з’яўляецца іх “даўнім кліентам”, а цяперашні візіт стаў па-сапраўднаму цудоўным і поўным чалавечнасці жэстам. У падарунак Святы Айцец атрымаў дыскі з класічнай музыкай.
 

12 студзеня 2022, 10:48