Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа скіраваў ліст з нагоды юбілею факультэта тэалогіі ў Кракаве

Пантыфік скіраваў пасланне з нагоды 625-годдзя Тэалагічнага факультэта Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ у Кракаве, заклікаючы яго супольнасць несці праўду Евангелля сучаснаму чалавеку і свету.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

11 студзеня 1397 года, па просьбе святой каралевы Ядвігі і яе мужа Уладзіслава, папа Баніфацый IX, булай Eximiae devotionis affectus, заснаваў Тэалагічны факультэт тагачаснай Кракаўскай акадэміі, пазней Ягелонскага ўніверсітэта. Яго спадкаемцам з’яўляецца сучасны Тэалагічны факультэт Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ, - нагадаў Францішак у лісце на імя арцыбіскупа Кракаўскага Марэка Ендрашэўскага, Вялікага канцлера навучальнай установы.

Папа высока ацаніў навуковыя і дыдактычныя здабыткі вучэльні, заклікаючы яе супольнасць “не забываць традыцыю, але ў той жа час з надзеяй глядзець у будучыню і ствараць будучыню”.

Пантыфік зазначыў, што ўніверсітэт пакліканы вывучаць Аб’яўленне, выкарыстоўваючы класічныя і сучасныя метады. Ён нагадаў, што Ян Павел ІІ падкрэсліваў патрэбу такой “паслугі мыслення”, дзякуючы якой “універсітэцкія асяродкі будуць уключаны ў касцёльную місію пашырэння паслання Хрыста ў свеце”. “Таму, верныя стагоддзям традыцыі, распазнавайце знакі часу, з адвагай прымайце новыя выклікі, каб плённа несці праўду Евангелля сучаснаму чалавеку і свету”, - заклікаў Францішак.

Папа пажадаў, каб універсітэт “быў месцам фармацыі новых пакаленняў хрысціян, не толькі пра навуковыя даследаванні і пошук праўды, але таксама праз сацыяльнае сведчанне жыцця верай”.

“Няхай ён будзе супольнасцю, дзе атрыманне ведаў злучаецца з прасоўваннем павагі да кожнага чалавека з любові да Бога, які яго стварыў, і з клопатам пра фармаванне сэрцаў, адкрываючы іх на тое, што самае важнае, што трывалае і што не прамінае”, - напісаў Святы Айцец, нагадваючы, што “маладыя людзі маюць свае мары і свае мэты, а Каталіцкі ўніверсітэт павінен дапамагчы ім рэалізаваць іх на аснове праўды, дабра і прыгажосці, якія маюць сваю крыніцу ў Богу”.
 

11 студзеня 2022, 12:07